БЕЛ Ł РУС

«Самае прыгожае свята лета». Турысты расказалі, як з'ездзілі на Купалле ў Сулу

8.07.2025 / 22:44

Nashaniva.com

Удзельнікі клуба аматараў актыўнага адпачынку і спорту «Байдарачнікі Полаччыны» вырашылі падтрымаць традыцыю і з'ездзілі на свята ў парк сярэднявечнай гісторыі «Вялікае княства Сула», размешчаны пад Стоўбцамі. Незабыўнымі ўражаннямі палачане падзяліліся з мясцовым парталам Gorod214.by.

Фота: «Байдарачнікі Полаччыны»

Свята ўразіла палачан сваім маштабам. За суткі «Вялікае княства Сула» наведалі больш за 7000 чалавек. Арганізатары ўмела аднавілі атмасферу мінулага і пастараліся, каб самае прыгожае свята лета стала незабыўнай падзеяй для ўсіх гасцей.

У парку, як расказалі палачане, было створана мноства тэматычных лакацый. Наведвальнікі загадзя падрыхтаваліся да свята: большая частка дзяўчат прыехалі ў белых строях і з вянкамі, а хлопцы — у кашулях з нацыянальнымі элементамі. Усе ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць сплесці вянок на месцы.

Праграма святкавання была пабудаваная на легендах, абрадах і традыцыях, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Было шмат гульняў, танцаў, карагодаў. Асабліва відовішчным момантам стала шэсце з паходнямі, дзе ўсе прысутныя, зліваючыся ў адзінае цэлае, разам ішлі запальваць вогнішча.

Запомнілася і спусканне вянкоў на ваду пад акапельныя жывыя спевы артыстаў. На заканчэнне свята ўсе ахвотныя скакалі праз вогнішча і шукалі папараць-кветку.

На думку ўдзельнікаў мерапрыемства, парк сярэднявечнай гісторыі «Вялікае княства Сула» з'яўляецца найлепшым месцам, якое перадае гістарычную атмасферу і заглыбляе наведвальнікаў у далёкае мінулае. А фатаграфіі з Купалля будуць доўга нагадваць пра атрыманыя эмоцыі і ўражанні.

Чытайце таксама:

У Суле адзначылі Купалле. Гасцей было столькі, што на дарогах утварыліся заторы

Пад Полацкам мужчына няўдала скочыў цераз купальскае вогнішча

Васьмігадовы хлопчык упаў у вогнішча на Купаллі

Якія фестывалі наведаць у Беларусі? Агляд фэстаў гэтага лета

Каментары да артыкула