Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы
У сувязі з тэхнічным збоем, які адбыўся ў праграмным комплексе 9 ліпеня, могуць быць адмоўныя балансы па картках Беларусбанка, Белаграпрамбанка і Белінвестбанка, папярэджвае Банкаўскі працэсінгавы цэнтр.
Кліенты Беларусбанка ў сеціве масава скардзяцца на дзіўныя спісанні з рахункаў. У кагосьці спісала 200 рублёў, а ў кагосьці і ўсё 2000. У некаторых на балансе ўвогуле ўтварыўся мінус.
Такая ж бяда ў тых, хто карыстаецца Белаграпрамбанкам.
У Беларусбанку гавораць, што гэта праграмны збой у працэсінгавым цэнтры. Там да канца дня абяцаюць усё паправіць і аднавіць правільныя балансы на картках.
«Грошы нікуды не зніклі, ніхто іх не скраў. Усё будзе добра», — запэўніў генеральны дырэктар Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Аляксандр Сотнікаў. — Мы ведаем, як яе выправіць. Нам патрэбна пэўная колькасць часу».
Паводле яго слоў, спецыялісты разлічваюць ліквідаваць праблему да 14 гадзін, і людзі ўбачаць на сваіх картках рэальныя рэшты.