БЕЛ Ł РУС

У Мінску ў пятніцу адкрыецца выстава пад адкрытым небам «Ле Карбюзье: мінскае рэха»

9.07.2025 / 15:26

Nashaniva.com

З 11 ліпеня 2025 года ў двары Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) будзе працаваць выстава пад адкрытым небам «Ле Карбюзье: мінскае рэха», піша «Будзьма».

Выстава падрыхтавана напярэдадні і ў рамках XVI Нацыянальнага фестываля архітэктуры, прысвечанага 90-годдзю Беларускага cаюза архітэктараў і арганізавана творчым саюзам сумесна з Музеем гісторыі горада Мінска па ініцыятыве і пры падтрымцы Пасольства Францыі і Пасольства Швейцарыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Мінск, як і большасць гарадоў свету, у ХХ стагоддзі непазнавальна змяніў сваё аблічча. Ролю найбольш радыкальнага пластычнага хірурга для старых гарадоў адыграў і дагэтуль грае архітэктар Шарль-Эдуар Жанерэ-Гры, сусветна вядомы пад творчым псеўданімам Ле Карбюзье.

Ніхто з архітэктараў так смела і натхнёна не выдаляў гістарычныя напластаванні, шнары і бародаўкі гарадской прасторы, яе няроўнасці і недарэчнасці, ніхто так горача не прапаноўваў зусім іншы, нябачаны раней лад жыцця і лад мыслення для сучаснага чалавека, ніхто так люта не выракаўся архітэктурных формаў мінулага — хіба што сацыяльныя рэвалюцыянеры першай паловы ХХ стагоддзя.

Нездарма ідэі Ле Карбюзье мелі гарачы водгук у першай траціне ХХ стагоддзя ў эпіцэнтрах рэвалюцыйных ідэй і рухаў — у Мексіцы, Расіі, Германіі, а пасля Другой сусветнай вайны — у Індыі, якая імкліва мадэрнізавалася. Менавіта там былі створаныя магутныя мадэрнісцкія архітэктурныя школы і зробленыя ўражальныя спробы кардынальна перабудаваць чалавечае грамадства з дапамогай архітэктуры.

Спадчыну Ле Карбюзье, раскіданую па ўсім зямным шары, і яго знакамітыя Пяць прынцыпаў архітэктурнага праектавання можна ўспрымаць як новы архітэктурны запавет, што прарастае скрозь спарахнелую абалонку архітэктуры мінулага.

Перасоўная выстава «Ле Карбюзье: мінскае рэха» знаёміць з тымі праектамі вялікага архітэктара, якія ён ажыццявіў у дзвюх сваіх родных краінах — Швейцарыі, дзе ён нарадзіўся і зрабіў першыя важныя крокі ў прафесіі, і Францыі, дзе ён стварыў уласнае архітэктурнае бюро.

Гэтыя творы Ле Карбюзье зрабілі наймацнейшы ўплыў на сусветную архітэктуру — у тым ліку на савецкую архітэктуру, да якой адносіцца значная частка будынкаў і збудаванняў беларускай сталіцы.

Разглядаючы і расшыфроўваючы яго знакамітыя архітэктурныя канцэпты, можна па-новаму зірнуць, напрыклад, на маштабнае будаўніцтва мінскіх мікрараёнаў 1960—1980-х гадоў, на такі горадабудаўнічы шэдэўр як водна-зялёны дыяметр, што апяразвае Мінск, на цэлы шэраг выбітных будынкаў, і наогул на гарадское асяроддзе, у якім мы жывём і якое — хочам мы гэтага ці не — фармуе нас і вызначае наша жыццё.

Выстава будзе працаваць з 11 ліпеня да 14 верасня 2025 года.

Адрас: пл. Свабоды, 15

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула