БЕЛ Ł РУС

Прадставілі новую калекцыю школьнага адзення на будучы сезон ФОТЫ

9.07.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Прэзентацыя адбылася 9 ліпеня ў Мінску, і калекцыю паказала фабрыка «Калінка», якая ўваходзіць у канцэрн «Беллегпрам». У бліжэйшы час абноўленая школьная форма з'явіцца ў крамах — калекцыі абноўленыя на 60—75%, піша «Смартпрэс».

Паводле слоў прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Ірыны Булаўкінай, школьнае адзенне павінна быць стрыманым і не адцягваць вучняў ад вучобы. Для хлопчыкаў прапануюцца пінжакі, камізэлькі, джэмперы, кашулі. Для дзяўчынак — сукенкі, сарафаны, спадніцы, штаны, камізэлькі, блузкі з рознымі рукавамі і іншыя рэчы.

Намесніца кіраўніка «Беллегпрама» Наталля Мороз паведаміла, што да пачатку навучальнага года будзе выпушчана каля мільёна адзінак школьнага адзення. Улічваючы тавары з мінулага года, у продажы будзе на 20% больш, чым летась.

Што тычыцца моды і колераў, то абавязковых колераў няма — выбар залежыць ад школы і бацькоў. Але найбольш папулярныя сярод усіх — сіні (70%) і чорны (30%).

Дырэктарка «Калінкі» Наталля Кулеш адзначыла, што новая калекцыя выкананая ў стылі мінімалізму: зніклі такія колеры, як ружовы і малочны, цяпер у трэндзе белы і блакітны. У модзе простыя фасоны: прамы, прыталены і оферсайз. Рушы і пушысты дэкор сышлі ў мінулае. Замест іх — эмблемы школ, гальштукі, значкі.

Для пашыву выкарыстоўваюць пераважна натуральныя і змешаныя тканіны: баваўняныя, віскозныя, трыкатажныя.

Што да цэнаў, то вытворцы не маюць вялікага прыбытку з вытворчасці школьнай формы, бо рэнтабельнасць абмежаваная законам. Каб зарабіць, трэба прадаць не менш за 10 тысяч адзінак.

Продаж школьнага адзення, абутку і аксесуараў пачнецца 15 ліпеня. Асартымент будзе найбольш шырокі да 1 жніўня, але купіць школьныя тавары можна цягам усяго года.

Па словах кіраўніцы «Калінкі», за 300 рублёў можна набыць для дзіцяці 4—5 элементаў школьнай формы. Цэны засталіся на ўзроўні мінулага года.

Чытайце таксама:

У Мінздароўі расказалі, ці трэба афармляць даведку да 1 верасня

Беларускія школьнікі стварылі дзіцячы блакпост на мяжы з Украінай. У іх савецкія нашыўкі і медаль «удзельніка СВА»

Міністр адукацыі прызнаў за бацькамі права купляць школьную форму дзе заўгодна

Каментары да артыкула