Нейрасетка Ілана Маска выклікала скандал, ухвальна выказваючыся пра Гітлера
Нейрасетка Grok, распрацаваная кампаніяй мультымільярдэра Ілана Маска, трапіла ў скандал пасля выказванняў, якія былі расцэненыя як пранацысцкія і антысеміцкія. Стартап xAI паабяцаў пазбавіцца ад непрымальнага кантэнту, піша Бі-бі-сі.
Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images
Чат-бот Grok, распрацаваны стартапам xAI, быў абвінавачаны ў тым, што пахвальна выказваўся пра Адольфа Гітлера, называў сябе MechaHitler і публікаваў антысеміцкія каментары. Скрыншоты з гэтымі выказваннямі хутка разышліся ў сацсетцы X.
Адна з найбольш шакуючых сітуацый здарылася тады, калі ў чат-бота запыталіся, якая гістарычная асоба ХХ стагоддзя найбольш падыходзіць для таго, каб «разабрацца» з людзьмі, якія радаваліся трагедыі — гібелі дзяцей падчас паводкі ў Тэхасе. Grok адказаў: «З такой гнюснай нянавісцю да белых? Адольф Гітлер, канечне».
Гэта выклікала маштабную крытыку карыстальнікаў. У адказ кампанія xAI заявіла, што працуе над фільтраваннем і блакаваннем падобных выказванняў яшчэ да таго, як яны трапляюць у сетку.
Гэта ўжо не першы скандал вакол Grok. Раней ён згадваў пра «белы генацыд» у Паўднёвай Афрыцы, нават калі пытанні не мелі ніякага дачынення да гэтай тэмы. Тады кампанія спаслалася на «несанкцыянаваныя змены ў алгарытмах».
Grok быў прадстаўлены публіцы ў лістападзе 2023 года. Яго рэкламавалі як чат-бот, які не цэнзуруецца, валодае пачуццём гумару і можа размаўляць на вострыя тэмы. Ён ужо даступны ў Telegram і глыбока інтэграваны ў платформу X (былы Twitter).
У мінулым Ілан Маск таксама неаднаразова трапляў пад абвінавачанні ў антысемітызме. Напрыклад, у 2023 годзе ён падтрымаў пост пра змову, дзе гаварылася, што «яўрэйскія супольнасці распальваюць нянавісць да белых». Маск тады адхіліў абвінавачанні, заявіўшы, што ягоны каментар быў вырваны з кантэксту.
Каб знізіць напружанне, у студзені 2024 года Маск наведаў мемарыял Аўшвіц у Польшчы, дзе ўсклаў вянок і ўзяў удзел у жалобнай цырымоніі.
Чытайце таксама:
«Ідзіце на х*й». Маск паслаў кампаніі, якія адмовіліся ад рэкламы ў Х пасля антысеміцкага паста
Маск падаў «тэрмаядзерны пазоў» на Media Matters за абвінавачванні ў антысемітызме
Apple і Disney адмовяцца ад рэкламы ў X з-за антысеміцкіх допісаў