Ратуючыся ад алкаголю, паэт Круткін пабываў у дзіўным рэхабе — малітвы, пад'ём сярод ночы і забарона на размовы з роднымі
Паэт Алесь Круткін правёў месяц у таямнічым рэабілітацыйным цэнтры для людзей з залежнасцямі, што знаходзіцца пад Лейпцыгам. Замест візітаў да нарколагаў там малітвы і праца, тэлефоны забіраюць і ладзяць пасты. Круткін расказаў «Нашай Ніве» пра свой досвед.
Фота: houseoflife.help
Некалькі месяцаў таму Алесь трапіў у адну з віленскіх бальніц з сіндромам адмены, які з’явіўся ў яго праз залежнасць ад алкаголю. Там ён пазнаёміўся з жанчынай, якая расказала яму пра магчымасць трапіць на рэабілітацыю ў Германію. Круткіну набылі ўсе квіткі, сустрэлі яго ў Лейпцыгу і адвезлі на машыне ў рэабілітацыйны цэнтр.
Установу, пра якую ідзе гаворка, заснавалі пяцідзясятнікі. Рэабілітацыя там бясплатная, па праграме яна доўжыцца адзін год — праўда, Круткіну дазволілі сысці праз месяц.
Алесь Круткін. Фота: Aleś Krutkin / Facebook
Алесь расказвае, што яго погляд на рэабілітацыю не супаў з поглядамі супрацоўнікаў цэнтра:
«Напрыклад, у чалавека ёсць нейкая залежнасць. І яны бачаць праблему не ў самой залежнасці, а ў тым, што гэта быццам наступства таго, што чалавек не прытрымліваецца Евангелля. А я не хацеў евангелізоўвацца».
Цэнтр знаходзіцца ў катэджы за 30 кіламетраў ад Лейпцыга. Сам катэдж пабудаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму, але прыбудовам да яго ўжо больш за сто гадоў.
Калі Алесь прыехаў у цэнтр, ён меў пры сабе 170 еўра. Аказалася, што пастаяльцам цэнтра нельга захоўваць пры сабе грошы. Круткіну прапанавалі перадаць грошы сваякам, але яго родныя былі далёка. Можна таксама гэтыя грошы ахвяраваць на дзейнасць цэнтра ці паехаць разам з супрацоўнікам цэнтра ў краму і выдаткаваць іх на карысныя рэчы накшталт вопраткі.
Фота: houseoflife.help
Фота: houseoflife.help
Рэжым дня ў цэнтры не для слабакоў:
«Устаюць звычайна а пятай раніцы. Адразу пасля пад’ёму трэба ісці на 15 хвілін на вуліцу і шпацыраваць там сам-насам з сабой. Потым горніца — гэта недзе паўтары гадзіны, калі ўсе моляцца і чытаюць Евангелле, і трэба сказаць, што ты не зразумеў, а што табе адкрылася.
Потым сняданак, яшчэ ёсць абед і вячэра. Там супрацоўнікі па чарзе трымаюць пост два разы на тыдзень, падчас яго суткі не ядуць. Але для нас, рэабілітантаў, гэта не было абавязкова».
Потым пачынаецца працатэрапія. Яна праходзіць проста ў цэнтры, бо за яго межы рэабілітантам нельга выходзіць. Маглі, напрыклад, загадаць прыбраць дом ці нешта парабіць на двары.
Пасля працы — зноў Біблія, потым абед і вяртанне да працы. Далей вячэра, а потым — новыя мерапрыемствы. У нядзелю даводзілася прачынацца а 3:30 ранку — каб далучыцца да сазвонаў з пяцідзесятнікамі з іншых краін.
Рэабілітантам нельга чытаць нічога, акрамя Евангелля. Калі паступаеш у цэнтр, трэба аддаць тэлефон, таму не атрымаецца званіць нават родным ці сачыць за навінамі. Алесь успамінае, што тады, у маі-чэрвені, нічога не чуў пра вайну Ізраіля і Ірана — толькі здагадваўся, што нешта адбываецца на Блізкім Усходзе, бо яго згадвалі ў малітвах.
Круткін спачатку ставіўся да практык у цэнтры скептычна, але цяпер лічыць, што цэнтр яму дапамог:
«Гэта час для ператрымкі, каб прайшло некалькі месяцаў, калі ты не ўжываеш алкаголь. Гэты досвед карысны перш за ўсё для людзей, якія маюць крышку веры, ім там лягчэй.
Тамтэйшыя супрацоўнікі збольшага ў мінулым былі наркаманамі, калоліся па 15-20 гадоў і мелі выбар або ісці па гэтым шляху, або памерці. Я з імі спрачаўся, але потым зразумеў — як можна гэта рабіць, калі цэнтр 10-15 гадоў таму дапамог ім не памерці? Гэты чалавек будзе ўпэўнены, што ён дакладна мае рацыю».
Фота: houseoflife.help
Фота: houseoflife.help
Круткін тлумачыць, што лічыць рэабілітацыю скончанай можна тады, калі цябе на яе заканчэнне благаславіў пастар, і не абавязкова гэта будзе праз год.
Яшчэ адзін цікавы нюанс — у цэнтры няма ніякіх спецыялістаў, якія маглі б працаваць з залежнымі: ні нарколагаў, ні псіхолагаў ці псіхіятраў.
Да спецыфічных умоваў у цэнтры Алесь ставіцца з разуменнем:
«Чалавек можа ў любы момант сысці, усё добраахвотна, гэта не турма ці нейкі ненаселены востраў, адкуль нельга сысці. Супрацоўнікі зразумелі ў нейкі момант, што я стаўлюся да Евангелля як да чагосьці філасофскага ці гістарычнага. Тады яны здзівіліся — маўляў, як так можна сябе зачыніць па сваёй волі, калі нават не хочаш евангелізавацца? Але той, хто мае веру, можа там правесці і год, і два».
Алесь Круткін кажа, што пасля вяртання з рэхаба не ўжывае алкаголь.
Чытайце таксама:
Стала вядомай самая частая прычына разводаў у Беларусі. І гэта не здрада
У Беларусі зробяць вакцыну ад алкагалізму? Спыталі меркаванне нарколага