«Не хацелі пакутаваць з беларускімі картамі на Booking». А ў выніку ледзь не трапілі на 400 еўра
Забраніраваць жыллё праз booking.com з беларускай картай — яшчэ той квэст. Ёсць лайфхак: выбраць варыянт без перадаплаты або паспрабаваць правесці плацеж непасрэдна праз гатэль.
Домскі сабор у Рызе
Чытачка Onliner.by Дар’я паспрабавала гэты варыянт, але ледзь не засталася без грошай.
— Забраніравалі з мужам гатэль у Рызе, добрыя водгукі, адэкватная цана. Браніравалі спецыяльна без перадаплаты, бо не хацелі важдацца з пытаннямі апрацоўкі беларускіх картаў Booking, — расказвае Дар’я.
Але ўчора ёй на пошту прыйшло паведамленне ад гатэля, у якім яе прасілі ўнесці перадаплату, каб браніраванне не было анулявана.
— Я без злой думкі заходжу на сайт, адкрываю паведамленне праз сайт і пераходжу па спасылцы. Там падцягваюцца ўсе даныя браніравання, мае карткі, якія былі ў мяне прывязаныя да Booking, карацей, уся інфармацыя, — апісвае дзяўчына.
Пасля ўводу CVC-кода карты прыйшла СМС для спісання сродкаў, і Дар’я звярнула ўвагу, што браніраванне каштуе 60 еўра, а ў СМС ужо сума — 388 еўра.
— Не ведаю, наколькі гэта махлярства новае, але я пра такое яшчэ не чула.
Праз прыкладна гадзіну прыйшло паведамленне ад гатэля, дзе было напісана, што яны былі скампраметаваныя, не пераходзьце ні па якіх спасылках і іншае.
Дар’я заблакавала карту, грошы з яе не спісалі. На шчасце, там было менш сродкаў, чым у яе хацелі скрасці.