Гісторыка, які працаваў у ваенкамаце ў Мастах, асудзілі па цэлым пакеце палітычных артыкулаў
37-гадовы выпускнік гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўген Шляхцёнак атрымаў тэрмін у калоніі.
Яўген Шляхцёнак. Фота: фэйсбук
У Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд справы Яўгена Шляхцёнка, супрацоўніка Мастоўскага ваенкамата. 37-гадовага жыхара вёскі Вялікія Сцепанішкі судзілі па трох палітычных артыкулах:
- уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1)
- заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361)
- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1. арт. 361-4).
Па самым цяжкім з гэтых артыкулаў яму пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі.
Мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Шляхцёнак нарадзіўся ў Краснасельскім у Ваўкавыскім раёне. Вучыўся на настаўніка гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў зваршчыкам і на СТА. У 2015 годзе ўладкаваўся ў ваенкамат Мастоўскага раёна, дзе займаўся ўлікам афіцэраў запасу.
Апошні раз Яўген быў анлайн у кастрычніку 2024 года.
Прысуд набыў моц, 11 ліпеня 2025 года Шляхцёнка ўключылі ў спіс «экстрэмістаў».