БЕЛ Ł РУС

На МТЗ працуюць 142 замежнікі з Бурундзі, Конга, Камеруна, Малі і Нігерыі

11.07.2025 / 11:32

Nashaniva.com

Слесары, муляры, бетоншчыкі, кавалі-штампоўшчыкі… Спіс вакансій, якія прапануюць замежнікам на прадпрыемстве, шырокі. На МТЗ працуюць замежнікі з Расіі, Грузіі, Украіны, Туркменістана, Камеруна, Бурундзі, Конга, Малі і Нігерыі, піша sb.by.

Мерген Рэджэпаў з Туркменістана — у іх ліку. На прадпрыемстве ён крыху больш за год, і за гэты час разабраўся ў тонкасцях новай для сябе спецыяльнасці:

— Працую слесарам механазборачных работ. На МТЗ прыехаў без спецыяльнай адукацыі — тут мяне ўсяму навучылі за тры месяцы, пасля чаго атрымаў разрад і цяпер працую як прафесіянал.

У родным горадзе Мары ў мужчыны засталіся бацькі і двое малодшых братоў. Задумваецца і пра ўласную сям’ю. Але для гэтага патрэбны фінансавы дастатак, разважае Мерген:

— Жыццём у вашай гасціннай краіне задаволены. На заводзе прынялі цёпла, розніцы ў менталітэце не адчуў. А вось плацяць значна больш, чым у Туркменістане: сярэдні заробак у маім горадзе эквівалентны 600 беларускім рублям, тады як у Беларусі магу атрымаць прыкладна ў тры разы больш. Гэта матывуе рабіць усё сумленна і ставіць сабе вышэйшую планку.

Жазюэ Кімбембэ прыехаў з горада Кіншаса, што ў Конга. Атрымаў адукацыю маркетолага ў БНТУ, але з офіснай працай не склалася. Вырашыў авалодаць рабочай спецыяльнасцю:

— Аказалася, што зборка трактароў — гэта маё. Добра размаўляю па-руску, таму не склала цяжкасцей хутка асвоіцца ў калектыве, магу ўдакладніць любое пытанне ў калег, пагаварыць па душах. Я тут — свой. Ёсць думкі застацца ў Беларусі назаўжды.

У сям’і Жазюэ Кімбембэ фінансаў хапала не заўсёды, але на лёс не скардзіліся — маці паляцела на працу ў Канаду, дарослыя брат і сястра знайшлі вакансіі ў родным горадзе, але ім, хутчэй, пашанцавала, разважае цёмнаскуры слесар:

— У Конга вялікія складанасці з занятасцю, сярэдні заробак ледзь дацягвае да сумы, эквівалентнай вашым 300 рублям. Як на гэта пражыць? Я бачу, як беларуская дзяржава клапоціцца пра людзей. Працы хапае, таму няма праблем з тым, каб пракарміць сям’ю. А яшчэ тут якасная медыцына, годная адукацыя, крамы з таварамі на любы густ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула