Альфа-самцы — гэта выключэнне, а не правіла. Вынікі новага даследавання
Навукоўцы прыйшлі да высновы, што выразнае дамінаванне самцоў рэдка сустракаецца ў прыматаў. У шматлікіх відаў самкі аказваюцца не менш, а часам і больш уплывовымі.
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Як піша BBC Science Focus, высновы новага вялікага даследавання, праведзенага камандай біёлагаў, разбураюць уяўленне пра «альфа-самцоў» як абавязковы элемент жывёльнай іерархіі.
У большасці відаў прыматаў няма выразна выяўленага дамінавання самцоў. Больш за тое, у некаторых відах вяршыню сацыяльнай іерархіі займаюць самкі.
Каб вывучыць дынаміку ўлады паміж паламі, навукоўцы на працягу пяці гадоў збіралі і аналізавалі даныя пра паводзіны 253 папуляцый прыматаў, якія належаць да 121 віду. Яны дакладна фіксавалі, хто з кім уступае ў канфлікт і хто выходзіць пераможцам. Атрыманая інфармацыя сур'ёзна аспрэчвае даўнія стэрэатыпы пра мужчынскае дамінаванне ў жывёльным свеце.
Аднак не па ўсіх папуляцыях удалося сабраць дастаткова дакладныя колькасныя даныя для аналізу вынікаў канфліктаў паміж самцамі і самкамі. Такія звесткі былі даступныя толькі для 151 папуляцыі 84 відаў.
З гэтага набору толькі ў 25 папуляцыях самцы перамагалі ў больш чым 90% сутыкненняў з самкамі. У 16 папуляцыях перавагу мелі самкі. Астатнія 70% груп мелі або збалансаваную сістэму, або такую, у якой немагчыма вызначыць пераважны пол.
«Мы ведалі, што выразнае дамінаванне самцоў сустракаецца не ўсюды, але нават нас здзівіла, што яно сустракаецца менш як у 20% выпадкаў», — адзначыла ў інтэрв'ю выданню адна з аўтарак даследавання доктар Эліз Юшар.
Шымпанзэ. Фота: Fiona Rogers / Getty Images
Іншы важны вынік — частата канфліктаў паміж самцамі і самкамі. Амаль палова ўсіх канфліктаў у дарослых асобін — гэта міжпалавая агрэсія. Большасць ранейшых даследаванняў разглядалі асобна паводзіны самцоў і самак, але цяпер відавочна: сутыкненні паміж імі — звычайная з’ява.
Даследаванне таксама аспрэчвае ідэю, што ўлада заўсёды грунтуецца на грубай сіле. У многіх грамадствах прыматаў дамінаванне самак узнікае не дзякуючы сіле, а праз кантроль над размнажэннем. Калі самка не мае жадання спарвацца, самец мала што можа зрабіць. Гэта дае ёй магчымасць уплываць на паводзіны самцоў — часам нават выкарыстоўваць размнажэнне як інструмент улады.
Нягледзячы на асцярожнасць у пераносе сваіх высноў на чалавека, даследчыкі адзначаюць: вынікі сведчаць пра нечаканую гнуткасць у размеркаванні сацыяльнай улады паміж паламі сярод нашых эвалюцыйных сваякоў.
У такіх блізкіх да нас відаў, як шымпанзэ і баноба, сацыяльныя структуры істотна адрозніваюцца: адна з гэтых груп відавочна мужчынацэнтрычная, а другая — амаль цалкам матрыярхальная.
Такім чынам, сацыяльныя іерархіі ў прыматаў — і, магчыма, у людзей — не з’яўляюцца жорстка фіксаванымі. Імі кіруюць шматлікія фактары: асяроддзе, склад і памер групы, спосаб размнажэння, індывідуальныя ўзаемаадносіны. Інакш кажучы, не існуе адзінай мадэлі, якая дакладна вызначае, хто валодае ўладай.
Чытайце таксама:
Што стала прычынай крывавай чатырохгадовай вайны сярод шымпанзэ? Разбіраюцца навукоўцы
Сумесны прагляд фільмаў збліжае шымпанзэ гэтаксама, як і людзей