БЕЛ Ł РУС

У Клецкім раёне разваліўся старадаўні вятрак, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы

12.07.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Мясцовыя праўладныя каналы вінавацяць непагадзь, а актывісты — мясцовыя ўлады, якія нічога не рабілі, каб захаваць помнік амаль чатыры дзесяцігоддзі, што ён знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Вятрак у Шайках да разбурэння. Фота: Wikimedia Commons

Пра разбурэнне рэштак ветранога млына ў вёсцы Шайкі паведаміў тэлеграм-канал «Клецк | Новости». Паводле інфармацыі на канале, вятрак не вытрымаў непагадзі 7 ліпеня.

Аднак зводка надвор'я гаворыць, што ў той і папярэднія дні хуткасць ветру ў раёне не перавышала 7 м/с, чаго дастаткова толькі для таго, каб падняць пыл і расхістаць тонкія галіны дрэваў, але ніяк не для таго, каб разбурыць вятрак. 

Рэшткі ветрака ў Шайках. Фота: тэлеграм-канал «Клецк | Новости»

Рэшткі ветрака ў Шайках. Фота: тэлеграм-канал «Клецк | Новости»

На думку аўтараў тэлеграм-канала «Спадчына», сапраўдная прычына разбурэння ветрака ў адсутнасці хоць якой увагі мясцовых органаў да гісторыка-культурнай каштоўнасці на працягу дзесяцігоддзяў. 

Драўляны вятрак, які адносіўся да тыпу шатровых ветракоў, быў пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя і стаяў у цэнтры вёскі, на перакрыжаванні яе галоўных вуліц. У савецкі час вятрак пачаў працаваць на электрапрыводзе. Стацыянарна ўстаноўлены асноўны конусападобны аб'ём ветрака быў завершаны паваротным шатром з чатырохлопасцевым вінтом, які быў страчаны яшчэ ў савецкі час. Каркасная канструкцыя асноўнага аб’ёму вертыкальна ашалявана.

Стан ветрака перад разбурэннем. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Яшчэ за савецкім часам вятрак у Шайках быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб'ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы.

Ахоўны статус вятрак атрымаў яшчэ ў 1987 годзе, але за мінулыя амаль чатыры дзесяцігоддзі яго стан толькі пагаршаўся, не было прыкмет таго, што мясцовыя ўлады хоць неяк спрабуюць захаваць гэты помнік прамысловай архітэктуры. 

На здымках сярэдзіны 2000-х гадоў вятрак у Шайках ужо стаяў пакасіўшыся, без часткі абшыўкі і са слядамі гніення канструкцыі. У апошнія гады ён выглядаў яшчэ горш, было відавочна, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане і толькі пытаннем часу было, калі вятрак абрынецца пад уласным цяжарам.

Стан ветрака перад разбурэннем. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У 2024 годзе па заказе сельсавета інстытут «Белжылпраект» распрацаваў праграму па супрацьаварыйных і кансервацыйных работах на гэтым помніку народнага дойлідства, але да рэальных дзеянняў справа так і не дайшла. 

Вятрак у Шайках стаў прынамсі шостым збудаваннем гэтага тыпу, які Беларусь страціла за апошнія гады. У 2002 годзе вецер паваліў вятрак у Адэльску Гродзенскага раёна, у 2008 годзе — у Жылічах Клецкага раёна. Абодва ветракі былі ў такім жа аварыйным стане, як і апісаны вышэй. У 2016 годзе разабраны вятрак у Калядзічах Пружанскага раёна, у 2018 годзе — у Рагах Слаўгарадскага раёна. У тым жа 2018 годзе згарэў вятрак у вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна, які перад гэтым беспаспяхова спрабавалі перавесці ў іншае месца.

Ахоўная шыльда, у нізе якой напісана «прычыненне шкоды караецца па законе». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Разбурэнне ці пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выніку нядбайнага захоўвання з'яўляецца крымінальным злачынствам, за якое адказным асобам пагражае да трох гадоў хіміі, але на практыцы ў Беларусі рэальнымі тэрмінамі (а часам – і мізэрным штрафам) не караюць нават за наўмыснае знішчэнне помнікаў гісторыі і культуры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула