Неабходныя грошы для 21-гадовага палітвязня Кірыла Балахонава амаль сабраныя. Засталося зусім крыху
Некалькі дзён таму Кірыл Балахонаў, што быў вызвалены 21 чэрвеня, звярнуўся з просьбай аб дапамозе.
У 16 гадоў ён удзельнічаў у пратэстах-2020: маляваў на платах бел-чырвона-белыя сцягі, рабіў вулічныя надпісы. Гэта здавалася важным і сумленным.
«А калі Расія напала на Украіну, пачаў разважаць, чым магу быць карысны ў супраціве расійскай агрэсіі. Уступіў у антываенную тэлеграм-групу «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта». Там мы абменьваліся інфармацыяй аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі, пісалі антываенныя допісы, дзяліліся матэрыяламі для TikTok, падтрымлівалі іншыя ініцыятывы кшталту «Беларускага Гаюна». Потым я стаў адным з адмінаў гурта. У нас былі нават рэцэпты «кактэйляў». Усё гэта, вядома, следчыя потым не забыліся ўказаць у справе. 1 лістапада 2022 года МУС прызнала нашу групу экстрэмісцкім фармаваннем. А праз тыдзень мяне затрымалі. Мне было 18. Прыгавор: 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму», — кажа хлопец.
«21 чэрвеня 2025 года мяне нечакана вызвалілі. Гэта было пасля візіту спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША. Мяне і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, адразу вывезлі ў Літву. Я апынуўся ў іншай краіне, на волі, але з адным пашпартам, без грошай, без рэчаў, без разумення, што рабіць далей. Цяпер усё вельмі няпроста. Мне трэба недзе жыць, на нейкія грошы харчавацца, аднавіць дакументы, хаця б часова ўладкавацца. І я прашу дапамогі. Каб пратрымацца і не праваліцца ў галечу ў першы ж месяц на волі.
Дзякуй усім, хто гэта чытае. Любая падтрымка — гэта знак, што я не адзін.
Сума збору
- €3100
- €1200 — 3 месяцы жылля
- €1000 — харчаванне і базавыя патрэбы
- €500 — адзенне, медыцына, сродкі сувязі, дакументы
- €400 — рэзерв на непрадбачаныя выдаткі
Па стане на раніцу суботы 12 ліпеня з неабходнай сумы ў 3100 еўра сабрана 2744 еўра. Засталося зусім крыху