Ад Міцкевіча да Геніюш: выйшла анталогія беларускай турэмнай паэзіі
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў выпусціў анталогію класічнай беларускай турэмнай паэзіі «Вершы на волю». Укладальнікам выступіў літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Першы продаж кнігі адбудзецца на фестывалі «Тутака» на Падляшшы, піша Bellit.info.
Кніга «Вершы на волю» сабрала паэтычныя творы, напісаныя ва ўмовах турэмнага зняволення, катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальных спраў. Храналагічна тэксты абымаюць амаль больш як 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан — аж да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны.
Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Алесь Гарун, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Ганна Новік і Ларыса Геніюш, Уладзімір Дудзіцкі, Валянцін Таўлай і Максім Танк, — усяго анталогія змяшчае тэксты 35 аўтараў, напісаныя в ўмовах пазбаўлення волі.
Вершы, змешчаныя ў кнізе, адлюстроўваюць эмацыйны стан палітзняволеных паэтаў, іх мары і чаканні, жыццёвыя прынцыпы, але найперш — унутраную свабоду, якой вельмі часта бракавала тым пісьменнікам, якія знаходзіліся па іншы бок закратаванага акна.
Кнігу можна набыць 11—13 ліпеня ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка падчас фестывалю TUTAKA. А таксама праз інтэрнэт-краму Kamunikat.shop.