Здымаў усё, што блішчыць: у Мінску затрыманы серыйны аўтазлодзей
У Маскоўскае РУУС на працягу двух тыдняў паступіла адразу шэсць заяў ад уладальнікаў аўтамабіляў: з прыпаркаваных машын знікалі дэталі — ад парктронікаў і значкоў да сабвуфера і набору інструментаў. Амаль усе аўтамабілі былі без сігналізацыі, паведамляе «Міліцыя Мінска».
У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі 44-гадовага мінчука, раней судзімага за маёмасныя злачынствы. У яго кватэры знайшлі частку выкрадзенага.
Высветлілася, што фігурант загадзя рыхтаваўся да крадзяжоў — спрабаваў зафарбоўваць камеры назірання на пад’ездах фарбай з балончыка. Акрамя таго, устаноўлена яго дачыненне да аналагічных злачынстваў, учыненых у 2022 годзе.
Агульная сума шкоды — каля 3 000 рублёў.