За ўдзел у пратэстах асудзілі кандыдата юрыдычных навук і яго бацьку-бізнэсмена
Яўген Ваньковіч у свой час быў студэнтам года юрыдычнага факультэта БДУ, а пасля і сам выкладаў.
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска асудзілі сям’ю Ваньковічаў. Бацьку і сыну прысудзілі хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. 11 ліпеня 2025 года яны былі ўключаныя ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў».
Эдуард Ваньковіч. Фота: edviktechno.by
64-гадовы Эдуард Ваньковіч — бізнэсмен. Ён узначальвае кампанію «ЭдВікТэхна». Яна займаецца прамысловай бяспекай — рамантуе краны і пад’ёмнікі.
Яўген Ваньковіч
Яго сын Яўген пайшоў у юрысты. Яму цяпер 35 гадоў. Яўген Ваньковіч скончыў юрыдычны факультэт БДУ і падчас навучання нават атрымліваў званне «Студэнт года» ў намінацыі «Гонар факультэта».
У 2017 годзе хлопец абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Прававое забеспячэнне экалагічнай бяспекі пры выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі»
Яўген Ваньковіч быў дацэнтам кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэту БДУ і аўтарам дзясяткаў публікацый.
Апошняя кніга, напісаная ім у суаўтарстве, выйшла ў 2021 годзе ў БДУ і была прысвечана праблемам у землеўпарадкаванні.