Прэзідэнт Ірана быў паранены падчас ізраільскіх удараў
Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, паводле паведамленняў іранскіх СМІ, ледзь не загінуў у выніку ізраільскай атакі, піша BILD.
Масуд Пезешкіян. Фота: Vahid Salemi / AP
Праз тры дні пасля пачатку вайны, 16 чэрвеня, ізраільская авіяцыя нанесла ўдар па будынку, звязаным з Вышэйшай радай нацыянальнай бяспекі Ірана.
У выніку бамбардзіроўкі адключылася электрычнасць, а ўдзельнікам экстраннага пасяджэння, уключаючы Пезешкіяна, давялося тэрмінова эвакуявацца. Некалькі чалавек, у тым ліку і сам прэзідэнт, атрымалі траўмы ног.
Паводле слоў самога Пезешкіяна, інцыдэнт можа быць звязаны з уцечкай інфармацыі з іранскіх спецслужбаў. Агенцтва Fars удакладняе, што ўнутры Ірана абмяркоўваецца версія пра магчымы ўдзел «засланага агента».
У іранскіх СМІ таксама з’явілася відэа, на якім, як сцвярджаецца, бачны наступствы абстрэлу — удары па горным схіле на захадзе Тэгерана, дзе размешчаны атакаваны комплекс. Афіцыйных каментарыяў з Ізраіля наконт гэтага інцыдэнту пакуль не паступала.