БЕЛ Ł РУС

Белавешкін: «Аземпік» проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць

13.07.2025 / 18:40

Nashaniva.com

Вядомы доктар Андрусь Белавешкін, кандыдат медыцынскіх навук і аўтар некалькіх кніг пра здаровы лад жыцця і харчаванне, у новым выпуску ТОКу расказаў, каму можа нашкодзіць вядомы прэпарат для пахудзення.

Доктар Белавешкін упэўнены, што «Аземпік» — прэпарат, у эфектыўнасці якога нікога не трэба пераконваць. Аднак называць яго «цуда-лекам» эксперт не раіць. Для таго, каб патлумачыць свой погляд, ён прыводзіць у прыклад такі інструмент, як малаток.

«Калі ты забіў цвік і на ім павесіў раму, гэта цудоўны інструмент. Калі ты ўдарыў сабе па пальцу, гэта «пракляты малаток».

Такі ж падыход і да «Аземпіка». Гэта проста інструмент, даводзіць Белавешкін, эфектыўнасць якога залежыць ад таго, як мы ім карыстаемся.

Для людзей з сапраўднымі праблемамі вагі і частымі няўдалымі спробамі знізіць вагу «Аземпік» можа быць вельмі карысным. Ён змяншае апетыт і палягчае працэс пахудзення, зніжае пакуты ад голаду. У гэтым выпадку прэпарат становіцца і дадатковым стымулам зламаць замкнёнае кола пераядання і вяртання вагі:

«Калі чалавек, які спрабаваў мноства разоў пахудзець, у яго не атрымоўваецца, ён замучаны, цяжкі, для яго гэта добры «кастыль», дадатковы штуршок каб змяніць сваё харчаванне, каб не мучыцца голадам у час, калі ён худзее. [У гэтым выпадку апарат] цудоўна, класна працуе», — даводзіць спецыяліст.

Фота: www.ozempic.com

Аднак спецыяліст не раіць выкарыстоўваць прэпарат тым, хто імкнецца скінуць «апошнія пару міліметраў» дзеля знешняга выгляду, бо такім людзям прэпарат можа нанесці шкоду:

«Калі чалавек ляжыць і думае: «Вось у мяне таўшчыня гэтай скуркі, яшчэ б на пару міліметраў [скінуць]. Я так здаровы. Але проста вось мода», то ў такім выпадку чалавек можа празмерна пахудзець, «зліць» усе свае мышцы. Таму што «Аземпік» таксама худзее не менавіта тлушчам, а людзі губляюць і мышцы даволі хутка».

А калі потым яго адменіць і пачне зноў пераядаць, замест гэтых мышцаў набіраючы тлушч, то ў яго фінальны вынік, напэўна будзе адмоўным».

«То-бок гэта проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць», — падсумоўвае Белавешкін.

Чытайце таксама:

У мінскіх аптэках размялі расійскі аналаг «Аземпіка». Людзей не палохала нават цана

Атлусценне стане маркерам беднасці? Многія селебрыці рэзка худзеюць на фоне папулярнасці «Аземпіка»

Выявілася, «Аземпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму

Каментары да артыкула