«Зрабілі правільныя высновы». Міністр энергетыкі ацаніў ліквідацыю наступстваў непагадзі
Міністр энергетыкі Дзяніс Мароз расказаў, якія высновы ў сістэме міністэрства зроблены пасля стыхіі, што прайшла па Беларусі, паведамляе БелТА.
Дзяніс Мароз
«У мінулым годзе было маштабнае ўздзеянне стыхіі на энергасістэму. У гэтым годзе маштабы практычна такія ж, як у мінулым. Але мы ўсе зафіксавалі, што рэагаванне энергасістэмы на такую непагоду аказалася значна больш эфектыўным. Гэта значыць, з мінулай непагоды мы зрабілі правільныя арганізацыйныя высновы, падрыхтавалі адпаведныя рэсурсы для таго, каб у выпадку ўздзеяння непагадзі хутка займацца ліквідацыяй», — адзначыў міністр.
Цяпер спецыялісты ацэньваюць, як спрацавала сістэма.
«Мы на гэтым не спыняемся. Праводзіцца аналіз прычын такога масавага пашкоджання бетонных апор у энергасістэме ў сувязі з павялічанай скорасцю ветру, распрацоўка дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне энергасістэмы і здольнасці яе перажываць такога ўзроўню катаклізмы», — сказаў міністр.
9-11 ліпеня электразабеспячэнне парушалася ў больш як 1,3 тысячы населеных пунктаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што навальнічны фронт перамяшчаўся па тэрыторыі краіны, выклікаючы новыя тэхналагічныя парушэнні.
Усяго працавалі больш за 300 брыгад, больш за 1,4 тысяч спецыялістаў. Было задзейнічана звыш 430 адзінак тэхнікі і 12 дызель-генератарных установак для забеспячэння часовага электразабеспячэння спажыўцоў.
Чытайце таксама:
У Мінпрацы расказалі, хто можа атрымаць кампенсацыю за наступствы непагадзі
Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем
Следчы камітэт апублікаваў падрабязнасці гібелі жанчыны ў Магілёве, на якую ўпала дрэва
У Брэсцкай вобласці без святла пасля навальніцы засталіся дзясяткі населеных пунктаў