Краіны ЕС пагадзіліся знізіць цэнавае абмежаванне на расійскую нафту на 15 %
Прадстаўнікі краін Еўрапейскага Саюза наблізіліся да фінальнага ўзгаднення 18-га пакета санкцый супраць Расіі, у тым ліку меры па зніжэнні цэнавага абмежавання на расійскую нафту. Новы парог складзе каля $47 за барэль, што на 15 % ніжэй сярэдняй рынкавай цаны. Пра гэта Reuters паведамілі чацвёра еўрадыпламатаў, якія ўдзельнічалі ў перамовах 13 ліпеня.
Фота: Patrick Pleul/picture alliance via Getty Images
Усе складнікі новага пакета санкцый ужо ўзгоднены, хоць адна з краін-членаў ЕС усё яшчэ мае тэхнічную заўвагу адносна новага абмежавання. Крыніцы мяркуюць, што поўнае пагадненне будзе дасягнута 14 ліпеня перад сустрэчай міністраў замежных спраў у Бруселі, на якой меры могуць быць афіцыйна зацверджаныя.
У межах новага механізму ЕС пагадніўся на «дынамічнае цэнаўтварэнне»: цэнавы парог будзе вызначацца як 15 % ніжэй за сярэднюю сусветную цану на сырую нафту за тры папярэднія месяцы.
Паводле аднаго з дыпламатаў, пачатковы парог устанаўліваецца на ўзроўні $47 за барэль.
Цэнавае абмежаванне будзе пераглядацца раз на паўгода, а не кожныя тры месяцы, як прапаноўвалася раней.
Славакія, якая затрымлівала прыняцце папярэдняга варыянта санкцый, чакае дадатковых запэўненняў з боку Еўракамісіі наконт сваіх клопатаў, звязаных з паступовым спыненнем паставак расійскага газу. Аднак яна пагадзілася на новыя меры.
У пакеце таксама прадугледжваюцца:
-
забарона на здзелкі з газаправодамі Nord Stream;
-
абмежаванні для фінансавых структур, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі;
-
уключэнне ў санкцыйны спіс аднаго расійскага нафтаперапрацоўчага завода ў Індыі, двух банкаў з Кітая і інш.