БЕЛ Ł РУС

Беспрацоўных ужо выклікаюць у міліцыю позвамі — чаму гэта незаконна

14.07.2025 / 11:46

Nashaniva.com

Міліцыя ў Беларусі, працягваючы «адпрацоўваць» грамадзян, што трапілі ў спісы «не занятых у эканоміцы», перайшла на новы ўзровень. На так званыя «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» ў РАУС, дзе беспрацоўных прымушаюць уладкоўвацца на працу афіцыйна, пачалі выклікаць не паведамленнямі пра яўку, як раней, а канкрэтна позвамі, піша «Флагшток».

Фота: «Авангард»

Прынамсі, так робяць у АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля, расказаў «Флагштоку» жыхар абласнога цэнтра і паказаў фота позвы. У ёй пазначана, што грамадзяніну неабходна з’явіцца ў РАУС у канкрэтныя дату і час у якасці «прафілактыруемага».

Ніжэй указаны наступствы няяўкі. Сцвярджаецца, што ў выпадку няяўкі можа наступіць адміністрацыйная адказнасць паводле арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў. Падкрэсліваецца, што гэта «цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да ста базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт».

Такую позву атрымаў гамяльчанін, які сцвярджае, што не быў судзімы, не здзяйсняў правапарушэнняў, не стаіць ні на якіх уліках

Верагодна, форму позвы для выкліку «дармаедаў» на «групавыя прафілактычныя мерапрыемствы» міліцыя пачала выкарыстоўваць для запалохвання, пагражаючы адміністрацыйнай адказнасцю.

Але ў артыкуле КаАП гаворка ідзе пра непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню, а дадзенае патрабаванне міліцыі незаконнае. Сілавікі не маюць права выклікаць грамадзяніна позвай толькі на падставе таго, што ён з’яўляецца афіцыйна беспрацоўным.

Раней «Гомельская вясна» прыводзіла каментар юрысткі, якая падкрэслівала, што ні крымінальны, ні адміністрацыйны кодэксы не прадугледжваюць адказнасці за беспрацоўе:

«Канстытуцыя гарантуе свабоду працы. Выклікаць чалавека ў РАУС толькі таму, што ён не працуе, незаконна. Гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў».

Юрыстка патлумачыла, што сам факт беспрацоўя не з’яўляецца правапарушэннем, што міліцыя можа выклікаць грамадзяніна толькі ў межах адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу і толькі праз афіцыйную позву, а людзі, што зарэгістраваліся як беспрацоўныя, павінны выконваць патрабаванні цэнтра занятасці — але не РАУС.

Масавая «адпрацоўка» міліцыяй тых грамадзян, што трапілі ў базу «не занятых у эканоміцы», праводзіцца з 1 красавіка 2025 года МУС сумесна з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Гэта адбываецца ў рамках «Комплексу дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння на працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула