БЕЛ Ł РУС

Лябедзька пра сына-палітвязня: Гэта не бравада, я гатовы абмяняць сябе на яго

14.07.2025 / 14:56

Nashaniva.com

Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька ў праграме «Сварка-шоу» заявіў, што гатовы ўвайсці ў спіс людзей, якіх улады могуць абмяняць на палітвязняў, сярод вызваленых павінен быць яго сын.

Анатоль Лябедзька кажа, што яго сын сядзіць замест яго: «І гэта мой таксама крыж, які я нясу».

Але палітык дадае, што ўсё роўна не адыходзіць ад сваёй пазіцыі. Ён лічыць, што санкцыі, адначасовы ціск і з боку амерыканцаў, і з боку еўрапейцаў, могуць спыніць рэпрэсіі. Бо Лукашэнка «можа спыніць рэпрэсіі адным пстрычком пальцаў, адным росчыркам свайго пяра». 

І калі казаць пра сітуацыю з сынам, то, па словах палітыка, ён асабіста гатовы пайсці ў турму замест сына.

«Я гэта чуў таксама як частку дыскусіі: ёсць чорны спіс для ўлады. Я гатовы ўвайсці ў гэты спіс улады, у абменны спіс, быць побач з іншымі — няхай будзе дзесяць для Лукашэнкі так званых нягоднікаў. І давайце мы іх абмяняем. Я гатовы, што калі іх абмяняюць там на палову зняволеных, якія сядзяць, і сярод іх будзе мой сын — я гатовы ісці туды. Я гатовы ісці туды, адкуль выйшаў Ціханоўскі. І гэта не нейкая бравада. Я адказваю, бо я кажу гэта публічна», — сказаў ён.

Сын Анатоля Лябедзькі Арцём быў затрыманы паводле абвінавачання ў фінансаванні так званай экстрэмісцкай дзейнасці. Яго судзілі за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. 

24 жніўня 2023 года Арцёму прызначылі тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён быў унесены МУС у «спіс экстрэмістаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула