БЕЛ Ł РУС

У Індыі памерла найстарэйшая азіяцкая сланіха. Ёй было больш за 100 гадоў

14.07.2025 / 17:37

Nashaniva.com

У Індыі памерла найстарэйшая сланіха Азіі па мянушцы Ватсала, якой было больш за 100 гадоў — амаль удвая больш за сярэдні век азіяцкіх сланоў. Жывёліна пайшла з жыцця ў запаведніку Пана, што знаходзіцца ў цэнтральным індыйскім штаце Мадх'я-Прадэш, паведамляе The Times Of India.

Фота: timesofindia.indiatimes.com

Ватсала нарадзілася на пачатку ХХ стагоддзя ў лясным рэгіёне Ніламбур штата Керала. У маладосці яе выкарыстоўвалі як працоўную жывёліну для транспартавання драўніны. У 1972 годзе яе перавезлі ў штат Мадх’я-Прадэш, а з 1993 года яна жыла ў запаведніку для тыграў Пана, дзе сланіху ласкава называлі «Дадзі», што азначае на хіндзі «бабуля».

Хаця ў Ватсалы не было ўласных сланянят, яна падтрымлівала іншых сланіх падчас родаў і стала прыёмнай маці для многіх дзіцянят.

Жыццё Ватсалы было няпростым: у 2003 і 2008 гадах яна перажыла жорсткія атакі слана Рам Бахадура падчас спроб спарвання, што прывяло да цяжкіх траўмаў і доўгага аднаўлення.

На працягу 30 гадоў за ёй даглядаў яе махаут (даглядчык слана) Манірам Гонд, які адзначыў, што Ватсала заўсёды была цярплівай і ласкавай. У апошнія гады яна мела праблемы са страваваннем і хадзьбой, яе кармілі вадкай ежай і дапамагалі перамяшчацца. Нават калі сланіха страціла зрок, яна пазнавала голас свайго даглядчыка.

8 ліпеня Ватсала ўпала каля ляснога канала і ўжо не змагла падняцца. Яе спрабавалі ратаваць, але безвынікова. Сланіху крэміравалі ў запаведніку.

Міністр штата назваў яе не проста сланіхай, а «маўклівай захавальніцай лясоў», сімвалам штата і любімай бабуляй для многіх сланянят.

Нягледзячы на тое, што ў прыродзе азіяцкія сланы звычайна жывуць да 60 гадоў, а ў запаведніках — да 80, узрост Ватсалы быў унікальным. Аднак з-за адсутнасці дакументаў, якія дакладна пацвярджалі б узрост жывёліны, яе не змаглі ўнесці ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Сёння ў Індыі жыве больш за 27 тысяч дзікіх сланоў, але з-за высякання лясоў і дзейнасці чалавека яны знаходзяцца пад пагрозай.

Чытайце таксама:

У Замбіі звар'яцелая сланіха забіла дзвюх турыстак

На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму

Навукоўцы стварылі «шарсцістую мыш» з прыкметамі маманта. Магчыма, праз некалькі гадоў адродзяць і вымерлага гіганта

На фестывалі ў Індыі больш за 20 чалавек пацярпелі праз раз'юшанага слана

У Зімбабвэ з-за засухі збіраюцца забіць 200 сланоў

Каментары да артыкула