БЕЛ Ł РУС

Беларуса, які напаў на Паўла Латушку, ужо дэпартавалі з Польшчы ў Беларусь

14.07.2025 / 17:52

Nashaniva.com

33-гадовага беларуса Яўгена Казанцава, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, дэпартавалі на радзіму. Пра гэта тэлеканалу «Белсат» паведамілі ў Акруговай пракуратуры польскай сталіцы.

Яўген Казанцаў

«У дачыненні асобаў, якія здзейснілі злачынствы на тэрыторыі Польшчы і маюць беларускае грамадзянства, у Памежную службу перадаюцца хадайніцтвы наконт дэпартацыі і накладання забароны на ўезд у Шэнгенскую зону. Такі захад быў прыняты ў дачыненні асобы, якая здзейсніла напад на колішняга амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушку», — сказаў «Белсату» прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Ён удакладніў, што дэпартацыя ў Беларусь ужо адбылася. «Белсат» звярнуўся ў Памежную ахову Польшчы з просьбаю раскрыць акалічнасці працэдуры.

33-гадовага Казанцава, студэнта Варшаўскага ўніверсітэту, абвінавацілі ў паклёпе і парушэнні цялеснай недатыкальнасці.

2 ліпеня падчас урачыстага сходу ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта ў прысутнасці афіцыйных асоб Польшчы і дыпламатычнага корпусу беларус Яўген Казанцаў напаў на намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету, старшыню НАУ Паўла Латушку. Зламыснік кінуў у палітыка сметніцу і крычаў, што той «здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў».

У пракуратуры раней паведамлялі, што нападнік прызнаў віну, назваў свой учынак неабдуманым, сказаў, што яго апанавалі эмоцыі, што цяпер шкадуе, і перапрасіў за тое, што адбылося. Мужчыну аштрафавалі на 6000 злотых (каля $1 500) і абавязалі кампенсаваць судовыя выдаткі. Тады ж пракуратура прыняла пастанову аб дэпартацыі.

Адразу пасля затрымання Казанцаў расказаў журналісту выдання Reform.news, што напаў на Латушку, бо ў яго скончылася віза, ён выгарэў і не здолеў абараніць навуковую працу. А напад, паводле мужчыны, дазволіць яму свабодна вярнуцца ў Беларусь.

Чытайце таксама:

Правакатар, які накінуўся на Латушку, днямі крычаў «Ганьба!» і Пазняку

Дэпутат Гайдукевіч заклікаў нападаць на апазіцыянераў за мяжой: Гэты ўчынак будзе залічаны пры вяртанні

«Ты пабачыш і пачуеш. Гэта будзе не бомба, а бомбішча». Раніцай 2 ліпеня Павел Латушка атрымаў ліст ад асобы, якая пастаянна атакуе яго

«Ты пабачыш і пачуеш. Гэта будзе не бомба, а бомбішча». Раніцай 2 ліпеня Павел Латушка атрымаў ліст ад асобы, якая пастаянна атакуе яго

Правакатар з Беларусі напаў на Паўла Латушку ў Варшаве

Каментары да артыкула