У Сірыі адбываюцца міжканфесійныя сутыкненні, дзясяткі загінулых
У Сірыі ўзнялася вострая хваля міжканфесійнага гвалту, у выніку якой загінулі больш за 30 чалавек, а яшчэ каля 100 былі паранены. Асноўныя сутыкненні адбыліся ў горадзе Эс-Сувейда на поўдні краіны, дзе пераважна жывуць друзы. Гэта першы такі выпадак у самім горадзе, хоць канфлікты паміж друзамі і бедуінскімі плямёнамі ў ваколіцах ужо здараліся, піша Бі-бі-сі.
Фота: Izettin Kasim/Anadolu via Getty Images
Паводле Сірыйскага цэнтра маніторынгу правоў чалавека, сярод загінулых — 27 друзаў (у тым ліку двое дзяцей) і 10 бедуінаў. Канфлікт пачаўся пасля серыі выкраданняў, у тым ліку друзскага гандляра, і перарос у адкрытыя атакі з абодвух бакоў. Бедуіны нападалі на друзскія вёскі, а друзы захапілі раён Маквас. Праз сутычкі быў перакрыты асноўны аўташлях паміж Дамаскам і Эс-Сувейдай.
Сірыйскія ўлады накіравалі ў горад войскі. Шэсць вайскоўцаў ужо загінулі. Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла, што пачне аперацыю для навядзення парадку і заклікала друзскую супольнасць супрацоўнічаць з сіламі бяспекі.
Улады таксама адклалі школьныя экзамены ў Эс-Сувейдзе, а губернатар і духоўныя лідары заклікалі жыхароў да стрыманасці.
Друзы — гэта рэлігійная меншасць, якая ўмоўна належыць да шыіцкага ісламу. Яны жывуць у Сірыі, Ліване, Іарданіі і Ізраілі. У часы Башара Асада шмат хто з іх падтрымліваў урад у надзеі на абарону падчас грамадзянскай вайны, якая доўжыцца ўжо 13 гадоў.
Цяпер напады на меншасці ў Сірыі пачасціліся. Мясцовыя лідары раней ужо падпісвалі пагадненні з новай уладай, каб спыніць эскалацыю і забяспечыць абарону сваёй супольнасці. Але цяперашнія падзеі паказваюць, што напружанне не знікла.
Чытайце таксама:
Трамп афіцыйна адмяніў амерыканскія санкцыі супраць Сірыі
Ізраіль упершыню сур'ёзна разглядае магчымасць заключэння міру з Сірыяй і Ліванам
Тэрарыст-смяротнік здзейсніў тэракт у праваслаўнай царкве ў Дамаску