БЕЛ Ł РУС

Экс-палітвязень адкрыў збор на сябе — іншыя палітвязні абураныя і кажуць, што ён стукач і махляр

17.07.2025 / 8:0

Вера Белацаркоўская

«Байсол» збірае грошы для Дзмітрыя Буневіча, былога палітвязня і фігуранта брэсцкай карагоднай справы. Іншыя палітвязні, якія ведалі Буневіча па калоніі, абурыліся — кажуць, што гэтаму чалавеку верыць нельга. «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў неадназначнай гісторыі.

Дзмітрый Буневіч. Фота: «Байсол»

Што кажуць пра Буневіча іншыя палітвязні

Дзмітрыю Буневічу 32 гады, ён родам з Брэста. У сакавіку 2021-га хлопец быў асуджаны па народным артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах у 2020-м. Хлопец стаў адным з фігурантаў сумнавядомай карагоднай справы, па якой за краты адправіліся дзясяткі берасцейцаў.

Самога Буневіча прысудзілі да 1 года і 8 месяцаў зняволення, ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15. У тэксце збору на «Байсоле» сказана, што Дзмітрый падчас тэрміну правёў шмат часу ў штрафным ізалятары, а пазней атрымаў яшчэ і падаўжэнне тэрміну па артыкуле 411 за «непадпарадкаванне адміністрацыі».

За кратамі Дзмітрый нібыта моцна папсаваў здароўе. У тэксце збору сказана, што мужчыне выдалілі селязёнку — маўляў, яго збілі супрацоўнікі калоніі, і праз гэта орган давялося выдаліць. Там жа ёсць сведчанні, што Буневіч нібыта жыве з астматычным бранхітам і пастаяннай задышкай, мае праблемы з сэрцам.

Адзін з палітвязняў, які адбываў тэрмін у адным атрадзе з Буневічам, так абурыўся фактам збору, што напісаў пра Дзмітрыя вялікі пост у фэйсбуку. Там ён пазначае, што Дзмітрый адбываў пакаранне не толькі па палітыцы, але і па артыкуле 209 — за махлярства. Некалькі іншых былых палітвязняў пацвердзілі «Нашай Ніве», што бачылі гэты артыкул на бірцы, прышытай да робы Буневіча.

Дзмітрый, паводле слоў былога суседа, не пакінуў гэтае махлярства і ў зняволенні. Аўтар таго допісу згадвае, як Буневіч масава пазычаў у іншых вязняў цыгарэты, то-бок турэмную валюту, і не аддаваў іх. Палітвязні не мелі магчымасці запатрабаваць назад свае рэчы, бо ў калоніі ўвогуле забаронена нечым дзяліцца, і за тое, што яны давалі Буневічу цыгарэты, іх маглі пакараць. 

Але палітвязень, які напісаў пра Дзмітрыя пост, абвінавачвае яго і ў даносах. Паводле яго слоў, Буневіч падчас тэрміну пастаянна хадзіў да адміністрацыі калоніі, каб расказваць, што адбываецца ў атрадзе.

Фота: «Вясна»

«Наша Ніва» пагутарыла з некаторымі іншымі палітвязнямі, якія сустракаліся з Дзмітрыем Буневічам у калоніі №15 — яны пацвярджаюць, што ён супрацоўнічаў з адміністрацыяй. І расказваюць шмат іншых дэталяў пра тое, якім быў тэрмін берасцейца ў калоніі.

Вязень, які быў у адным атрадзе з Дзмітрыем, успамінае, як яго ўпершыню сустрэў:

«Ён адразу адхрысціўся ад нас, бэчэбэшнікаў — маўляў, я ўвогуле не па гэтых справах, мне проста далі жоўтую бірку, у мяне іншы артыкул. А артыкул у яго насамрэч быў іншы — махлярства, невялікі тэрмін.

Па яго расповедах, яго махлярства было ў тым, што ён, зваршчык, узяўся за працу, якую не мог своечасова выканаць. А не мог ён гэта зрабіць, бо, паводле яго слоў, меў праблемы з алкаголем».

Вязні расказваюць, што Дзмітрый адкрыта казаў пра свае сувязі з адміністрацыяй калоніі. Напрыклад, прызнаваўся пра выдадзеную прыладу для падслухоўвання, каб ён мог здабыць карысную для супрацоўнікаў інфармацыю з асяроддзя вязняў:

«Усе такія дзеянні адразу выклікаюць падазрэнні [у палітвязняў]. Каб экстрэмісту даверылі такую апаратуру, каб ён меў добрыя сувязі з адміністрацыяй — гэта вельмі дзіўна. Ні ў кога з палітвязняў гэта не атрымлівалася, дый ніхто і не хацеў так супрацоўнічаць. А гэты чалавек гэтага не саромеўся. Неаднаразова заўважалі, што ён ходзіць у штаб».

Іншы знаёмы Буневіча дадае дэталяў да яго партрэта:

«Гэта чалавек, які працаваў на ментоў. Ён сябраваў з актывістамі, не хадзіў на працу. Самі разумееце, што трэба рабіць, каб не хадзіць на працу, калі ты палітвязень.

Гэта чалавек, які публічна прапаноўваў дапамагчы мянтам адрамантаваць памяшканне атрада, скідваць ім па 50-100 рублёў. Ён публічна сустракаўся з аператыўнікамі на алеі і хадзіў па зоне — калі астатнія не маглі нават выйсці з тэрыторыі свайго сектара і перагаварыць з чалавекам на іншым сектары.

Адразу пасля таго, як мяне перавялі ў сёмы атрад, яго перавялі туды ж. Спецыяльна, каб ён за мной сачыў. Ён спаў насупраць мяне і назіраў за ўсімі маімі перагаворамі. Калі нехта трапляе ў атрад і я, напрыклад, даю яму мыла, бо чалавек толькі з каранціна, або кагосьці падкормліваю — мяне за гэта саджалі ў ШІЗА.

Менавіта Буневіч рабіў гэтыя брудныя рэчы. Ён насіў гэтую інфармацыю актывістам, а тыя бегалі да ментоў. Дый сам ён бегаў. Проста яму, так разумею, было ўсё ж трохі сорамна бегаць, дык ён стараўся гэта хаваць».

І гэта не адзіны вязень, які, як сцвярджаецца, праз Дзмітрыя трапіў у ШІЗА. Расказваюць, што ў іншага вязня Буневіч прасіў каву ці нешта салодкае, а калі не атрымаў, данёс аператыўнікам, што вязень мае ў сябе забаронены прадмет — гаворка не пра нешта небяспечнае, а ўсяго пра кухонны інвентар. Тым не менш, вязень атрымаў сем сутак ШІЗА.

Ёсць і яшчэ адна гісторыя пра Дзмітрыя, якую нам пацвердзілі адразу некалькі былых палітвязняў. У сталовай ён справакаваў іншага палітвязня — насыпаў яму за каўнер крошкі ад хлеба. Той вязень вельмі абурыўся, за што і атрымаў выклік да аператыўніка.

Буневіч прысутнічаў падчас той сустрэчы з аператыўнікам як сведка. На ёй таму палітвязню моцна дасталася — нават пагражалі пераводам у нізкі статус. Скончылася ўсё тым, што той палітвязень на 10 дзён апынуўся ў ШІЗА.

Буневіч нібыта мусіў выйсці на волю ў канцы 2022-га, але вясной 2023-га стала вядома, што яму падоўжылі тэрмін. Чаму гэта здарылася, дакладна невядома. Ініцыятыва Dissidentby раней паведамляла, што хлопца асудзілі па артыкуле 411 — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Адтуль гэтая інфармацыя перайшла на сайт праваабаронцаў «Вясны», а ад іх — у збор «Байсола». Пра такі ж артыкул Буневіч расказаў і «Нашай Ніве».

Але ці насамрэч Буневіч атрымаў той 411 артыкул? Вязні, якія ведалі Дзмітрыя па калоніі, кажуць, што ў 2023-м не заўважалі аніякіх перамен у тым, як ён адбываў свой тэрмін. А калі чалавеку насамрэч прымяняюць гэты артыкул, то пераводзяць на іншыя ўмовы ўтрымання — у калоніі для рэцыдывістаў.

Некалькі дзён таму і «Вясна», і Dissidentby прыбралі са сваіх рэсурсаў інфармацыю пра тое, што Дзмітрый быў асуджаны па артыкуле 411.

Буневіч: Мяне больш цягнула да зладзейскай рамантыкі

Дзмітрый адказаў на пытанні «Нашай Нівы» ў сувязі з палемікай вакол яго імя.

Перш за ўсё, Буневіч адмаўляе, што супрацоўнічаў з адміністрацыяй калоніі — маўляў, у 2021-м яму гэта насамрэч прапаноўвалі, але ён адмовіўся, а аператыўнік пусціў па калоніі плётку, што хлопец усё ж такі супрацоўнічае.

Дзмітрый кажа, што начальнік калоніі з першай сустрэчы быў моцна настроены супраць яго, таму што Буневіч мае і экстрэмісцкі артыкул, і артыкул за махлярства, а тагачасны начальнік ненавідзеў і махляроў, і «экстрэмістаў».

У адным з атрадаў Буневіч пазнаёміўся з вязнямі, якія сядзелі за забойства і мелі тэрміны 15-25 гадоў. Тут трэба адзначыць, што такі тэрмін прадугледжвае частка 2 артыкула 139 («Забойства») — то-бок гэта забойства двух і больш чалавек ці забойства з ацягчальнымі абставінамі. Супрацоўнікі нібыта патрабавалі ад яго, каб ён даносіў, што адбываецца сярод іх, але Буневіч запэўнівае, што адмаўляўся і трапляў за гэта ў ШІЗА.

Берасцеец адзначае, што яго недатычнасць да даносаў нібыта пацвердзілі і «блатныя» з калоніі №15, і прыводзіць некалькі мянушак такіх «блатных», з якімі шмат камунікаваў за кратамі. Мы спыталі пра іх у іншых палітвязняў той калоніі — яны кажуць, што большасць з тых суразмоўцаў Дзмітрыя актыўна супрацоўнічалі з адміністрацыяй калоніі, таму што некалькі гадоў правялі ў турме і таму былі вельмі матываваныя любым чынам застацца ў калоніі ў мякчэйшых умовах.

Буневіч кажа, што сяброўства з вязнямі, якія сядзяць за цяжкія злачынствы, абярнулася супраць яго. Адзін з іх, па яго словах, папрасіў хлопца зрабіць нож і прынесці яго з прамзоны на асноўную тэрыторыю калоніі, дзе Буневіча разам з нажом затрымалі супрацоўнікі. Яму нібыта спрабавалі прыпісаць яшчэ два нажы, але Дзмітрый з гэтым не пагадзіўся, за што быў збіты. 

Далей, расказвае Буневіч, праз наступствы збіцця ён атрымаў разрыў селязёнкі. Орган яму выдалілі, але аформілі гэта так, быццам бы ён упаў. А потым далі на подпіс дакументы, што ён сам упаў і што ён увогуле напаў на супрацоўніка ў камеры. Дзмітрый кажа, што праз гэта яму потым дадалі тэрмін. Гэта насамрэч магло б быць. Але ў такім выпадку хлопец, хутчэй за ўсё, мусіў бы аказацца ў іншай калоніі, чаго з ім не здарылася.

У штаб Дзмітрыя насамрэч выклікалі часта, як і кажуць іншыя вязні. Паводле яго слоў, падставы для гэтага — гутаркі з псіхолагам ці аператыўнікам, які ціснуў на яго і пагражаў пакараць за розныя дробязі. Гісторыю з дыктафонам Буневіч называе лухтой, якую нехта прыдумаў.

Хлопец кажа, што не данасіў супрацоўнікам на іншых палітвязняў і не ладзіў канфлікты з імі:

«Калі камусьці з тых, хто са мной сядзеў, не па сабе ад таго, што я паводзіў сябе не так, як яны — хадзіў у госці да асуджаных па іншых артыкулах, не баяўся, што закрыюць [у ШІЗА], хадзіў на прамзоне туды-сюды, дык гэта выключна выбар кожнага. 

Мяне больш цягнула да зладзейскай рамантыкі. Я там сабе і тату накалоў, і розныя штукі ў цела паставіў, і шмат усяго іншага».

Што да гісторыі з іншым вязнем і крошкамі хлеба, Буневіч кажа, што гэта зрабіў не ён, а яго проста ўцягнулі ў канфлікт, і праз гэта супрацоўнікі пазбавілі яго пасылкі.

Хлопец таксама кажа, што за кратамі правёў шмат часу ў ШІЗА і ПКТ. Некаторыя вязні ўспамінаюць, што ў ШІЗА Дзмітрый насамрэч трапляў, і неаднойчы.

Яшчэ адна загадка — тое, чаму Дзмітрыю насамрэч падоўжылі тэрмін і калі ён усё ж выйшаў на волю. Ён не здолеў паказаць «Нашай Ніве» ні дакументы па дадатковым тэрміне, ні дакументы пра свае праблемы са здароўем. Маўляў, яму не дазволілі вывезці гэтыя паперы з калоніі — што выглядае маларэальным, рашэнне суда ніхто не адбірае ў зняволенага.

Стрыжак: Мы працуем па стандартах

«Наша Ніва» папрасіла кіраўніка «Байсола» Андрэя Стрыжака пракаментаваць сітуацыю са зборам на Буневіча.

Стрыжак звяртае ўвагу, што Дзмітрый прызнаны палітвязнем: ёсць справа на яго, заведзеная па палітычным артыкуле 342, па гэтай справе яго асудзілі. Значыць, Буневіч трапляе пад мандат «Байсола», і фонд мусіць яму дапамагчы.

Але сітуацыя Буневіча складанейшая, і ў «Байсоле» гэта разумеюць:

«Іншая справа — тое, як ён сядзеў і які ў яго быў бэкграўнд да пачатку палітычнай справы. Тут з'яўляецца маральна-этычная дылема: ці мусім мы дапамагаць ахвярам рэпрэсій і катаванняў, калі ў іх быў больш складаны бэкграўнд?

У «Байсоле» мы вырашылі, што калі ў чалавека ёсць нейкія дадатковыя артыкулы, якія не з'яўляюцца палітычнымі, гэта не павінна аўтаматычна выклікаць адмову ў дапамозе».

У 2020-м да пратэстаў далучылася шмат людзей з розным жыццёвым досведам, кажа Стрыжак, і на сёння сярод палітвязняў ёсць вельмі розныя людзі:

«Сярод палітвязняў ёсць столькі ж людзей з некарэктнымі паводзінамі, як і ва ўсім грамадстве. Гэта зрэз усяго нашага грамадства. У палітвязні траплялі ўсе, таму што ўсе выходзілі і пратэставалі».

Тым не менш «Байсол» некалькі разоў адмаўляў у дапамозе — гэта здаралася тады, калі ў прэтэндэнта на яе за плячыма былі крымінальныя артыкулы гвалтоўнага характару накшталт забойства.

Адказаў Стрыжак і на пытанне пра прэтэнзіі іншых палітвязняў. Такая сітуацыя, калі былыя палітвязні скардзяцца адзін на аднаго, у «Байсола» далёка не першая:

«Калі мы ў нейкім выпадку вырашаем адмовіць чалавеку, таму што ён быў стукачом ці нешта яшчэ, то ва ўсіх іншых выпадках, калі ў нас можа ўзнікнуць патэнцыйны канфлікт паміж палітвязнямі, мы трапляем у вельмі складаную сітуацыю, у якой нам давядзецца рабіць адвольныя рашэнні. А ў той структуры, дзе я працую і кіраўніком якой з'яўляюся, мы працуем па стандартах.

Зразумела, што стандарты могуць змяняцца. Але на сёння ў мяне няма адказу на тое, як адрозніць персанальны канфлікт паміж палітвязнямі ад сітуацыі, калі чалавек рэальна ўдзельнічаў у прэсінгу іншых палітвязняў».

Стрыжак разважае, што калі інфармацыя пра Буневіча стане вядомая, людзі змогуць самі прыняць рашэнне, ці дапамагаць яму. Аднак кіраўнік фонду не бачыць прычын закрываць збор Буневічу.

«Вельмі складана выпрацаваць такую сістэму, у якой ты будзеш верыфікаваць абсалютна кожнага палітвязня так, каб узважваць паказанні палітвязняў адзін на аднаго. Бо тады мы будзем адкрываць нашы зборы раз на год і не зможам дапамагаць людзям.

Нават калі ў нас праскоквае адзін спрэчны збор, але пры гэтым ёсць дзясяткі збораў, якія хутка закрываюцца і людзі атрымліваюць дапамогу, я хіба буду гатовы і далей адказваць на няёмкія пытанні ад журналістаў ці грамадства, але пакіну гэтую сістэму эфектыўнай».

Чытайце таксама:

Чаму ў беларускай турме так моцна худзеюць? Тлумачым

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення

«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад

Каментары да артыкула