У Грузіі затрымалі беларуса, які прыйшоў падаць заяву на прытулак
Грамадзяніна Беларусі затрымалі 14 ліпеня на выхадзе з Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, паведаміў выданню «Позірк» праваабаронца Раман Кісляк, які жыве ў гэтай краіне.
Батумі. Фота ілюстрацыйнае
«Цэлы дзень стаялі на спякоце, каб падаць заяву (у Тбілісі цяпер да 37 градусаў вышэй за нуль. — «Позірк».). Цень — вузкая паласа ўздоўж плота, месца па паху нібыта грамадскі туалет. У 16.35 (15.35 паводле мінскага часу. — «Позірк».) усё ж такі чарга падышла, і ён зайшоў. Загадзя падрыхтаваную заяву прынялі. Праз некаторы час заяву вярнулі назад і сказалі, што сёння не паспеюць яго прыняць, хай прыходзіць заўтра. На выхадзе яго затрымалі», — сказаў Кісляк.
Паводле яго слоў, малады чалавек не абнуліў кароткачасовым выездам тэрмін знаходжання ў Грузіі — не больш за 365 дзён запар, у яго быў пратэрмінаваны пашпарт, які праз указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года нельга замяніць па-за межамі Беларусі.
«Але форму звароту з грамадзянінам расцэньваю як адмову ў прыняцці заявы на прытулак і адвольнае затрыманне», — падкрэсліў праваабаронца.
Вядома, што грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб наданні прытулку. Сам Кісляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію.
Кісляк мае намер абскардзіць рашэнне мясцовых уладаў у структурах ААН.
У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова памяншаецца.
Чытайце таксама:
Грузія канчаткова адмовіла праваабаронцу Кісляку ў прытулку
Грузія не пусціла назад яшчэ аднаго актывіста тамтэйшай беларускай дыяспары
Праз палітыку ўладаў беларусы пакідаюць Грузію, прадаюць кватэры
У Грузіі хочуць афіцыйна ўскладніць атрыманне прытулку іншаземцамі