Беларускі форвард польскай «Легіі» Ілля Шкурын не ляціць на матч у Казахстан праз небяспеку быць затрыманым
У чацвер варшаўская «Легія» сустрэнецца з казахстанскім «ФК Актабэ» ў матчы ў адказ першага раўнду кваліфікацыі Лігі Еўропы. Але самы дарагі з беларускіх футбалістаў Ілля Шкурын не зможа дапамагчы клубу.
Ілля Шкурын. Фота: Legia Warszawa / X
Як паведамляе Кшыштаф Марціняк з тэлеканала Canal+ Sport, трэнер Эдвард Ёрданеску не зможа скарыстацца беларусам. Аднак у форварда не праблемы са здароўем, бо яму нічога не баліць. Ключавую ролю адыгрываюць палітычныя пытанні, піша Sport.pl.
Шкурын адкрыта крытыкуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Ён адмовіўся гуляць за зборную Беларусі, пакуль у краіне не зменіцца ўлада.
Футбаліст «Легіі» баіцца, што ўлады Беларусі могуць паўплываць на службы ў Казахстане і нашкодзіць яму — напрыклад, не ўпусціць у краіну або затрымаць у аэрапорце ці ў гатэлі.
У першым матчы «Легія» ў Варшаве перамагла 1:0. Матч у адказ пройдзе у чацвер.
Ілля Шкурын перайшоў у варшаўскую «Легію» у лютым гэтага года.