БЕЛ Ł РУС

Starbucks прадпісала канторскім работнікам працаваць у офісе чатыры дні на тыдзень

15.07.2025 / 8:50

Nashaniva.com

Да гэтага работнікам Starbucks трэба было працаваць у офісе тры дні на тыдзень.

Фота: pixabay.com

Сетка кавярняў Starbucks, пазбаўляючыся ад спадчыны пандэміі кавіду ў выглядзе працы з дому, прадпісала сваім канторскім работнікам у ЗША і Канадзе прыязджаць у офіс чатыры дні на тыдзень, піша Бі-бі-сі.

Да гэтага работнікам Starbucks трэба было працаваць у офісе тры дні на тыдзень, цяпер жа, пачынаючы з кастрычніка, ім трэба будзе з’яўляцца на працу з панядзелка па чацвер.

Тым, хто не захоча амаль увесь час працаваць у офісе, давядзецца звольніцца. Ім будзе прапанавана аднаразовая выплата.

Іншыя буйныя амерыканскія кампаніі, напрыклад, Amazon або банк JP Morgan, таксама паступова скарачаюць працу з дому.

Тым не менш, каманда даследчыкаў з некалькіх універсітэтаў, уключаючы Стэнфардскі, высветліла, што ў цэлым доля тых, хто працуе з дому ў ЗША, застаецца стабільнай.

Паводле іх падлікаў, працадаўцы цалкам вярнулі ў офісы каля траціны работнікаў, якія могуць працаваць з дому. Каля адной пятай усё яшчэ цалкам працуюць з дому, і каля 45% працуюць па змешаным графіку.

Што тычыцца Starbucks, то яго кіраўнік Браян Нікол заявіў у адкрытым лісце да супрацоўнікаў, што вяртанне ў офісы, па яго перакананні, павысіць якасць працы і дапаможа змагацца з падзеннем продажаў.

«Мы разумеем, што не ўсе пагодзяцца з гэтым новым падыходам. Мы ўважліва ўсіх выслухалі і старанна абдумалі. Але мы лічым, што гэта — правільны шлях для нашай кампаніі, пабудаванай на чалавечых сувязях», — напісаў Нікол.

Сам Нікол прыйшоў у Starbucks год таму, паводле кантракта ад яго не патрабавалася пераязджаць з роднай Каліфорніі ў Сіэтл, дзе размешчана штаб-кватэра кампаніі. Замест гэтага кантракт прадугледжваў абуладкаванне невялікага асабістага офіса Нікола ў Каліфорніі. Але ў выніку ён усё ж такі купіў дом у Сіэтле.

Вяртанне ў офісы — гэта толькі частка змен, распачатых Нікколам, каб ажывіць бізнес кампаніі. Планы Нікола ўключаюць перагляд асартыменту, адмену правілаў, паводле якіх людзям дазвалялася, нічога не набываючы, сядзець у кавярнях і карыстацца прыбіральнямі.

Акрамя таго, у лютым кампанія абвясціла пра скарачэнне 1100 з 16 тысяч сваіх канторскіх супрацоўнікаў. Тых, хто працуе непасрэдна ў кавярнях і на складах, скарачэнне не закранула.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула