Чыноўнікі расказалі, як змагаюцца з падтапленнямі ў Мінску
У Мінску прымаюцца меры для барацьбы з падтапленнямі на вуліцах. Пра гэта расказаў дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панеў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю дарожнай інфраструктуры сталіцы, піша БелТА.
Чарговы патоп у Мінску 15 ліпеня 2025 года. Фота: Анлайнер
Паводле слоў чыноўніка, у горадзе будуецца шэраг новых аб’ектаў, у тым ліку ачышчальныя збудаванні для дажджавой вады. Адзін з найбуйнейшых праектаў — будаўніцтва ліўневага калектара «Яркава», які павінен забяспечыць адвод вады з тэрыторыі Фрунзенскага раёна. Завяршыць гэтыя работы плануецца да канца года. Акрамя таго, распрацоўваюцца і іншыя праекты па перахопу дажджавых сцёкаў.
Панеў адзначыў, што асаблівая ўвага надаецца праблемным месцам, дзе наяўныя ліўнёўкі не спраўляюцца з вялікім аб’ёмам вады. Там вядуцца работы паводле графіка.
Увогуле ў Мінску распрацаваная спецыяльная праграма, якая складаецца з трох этапаў. Спачатку будуць вырашаныя найбольш вострыя праблемы, потым — задачы сярэднетэрміновага характару. Трэці этап прадугледжвае будаўніцтва новых калектараў і чыстку наяўных сістэм.
Першы этап ужо распачаты, яго плануюць рэалізаваць цягам года-паўтара. Увесь комплекс мер павінен быць завершаны да канца наступнага года. Схемы водазбору ўжо падрыхтаваныя, цяпер ідзе актыўная работа па іх увасабленні.
Чытайце таксама:
У Мінску адключыліся святлафоры на некаторых скрыжаваннях
Моцная залева прывяла да транспартнага калапсу ў Мінску
На Мінск зноў абрынулася трапічная залева, у Лошыцы машыны паплылі