БЕЛ Ł РУС

У Варшаве развіталіся з Андрэем Бардухаевым-Арлом

15.07.2025 / 16:1

Nashaniva.com

У сталіцы Польшчы адбылося развітанне з гомельскім акцёрам, тэатральным дзеячам Андрэем Бардухаевым-Арлом. 14 ліпеня урну з ягоным прахам пахавалі на варшаўскіх Брудноўскіх могілках, піша «Флагшток».

Напярэдадні праходзіла развітанне і малебен у саборы Польскай праваслаўнай царквы. Труну падчас развітання накрылі нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

«На развітанні было шмат людзей — акцёры, калегі з розных гарадоў, сябры. Тыя, хто ведаў Андрэя не толькі як артыста, але і як чалавека з вялікім сэрцам», — напісала ў сацсетцы Алеся, жонка Андрэя.

Пры пахаванні, за гадзіну да цырымоніі пайшоў дождж, дадала яна:

«Спачатку ціха, а потым усё мацней. Калі мы сабраліся ісці да калумбарыя, дождж ператварыўся ў суцэльную сцяну. Здавалася, быццам і неба не магло стрымаць слёз. Але калі мы рушылі, дождж стаў сціхаць. І ў той самы момант, калі падышлі да месца пахавання, ён спыніўся зусім. А калі развітанне завяршылася і мы сталі вяртацца — выглянула сонца. Яркае, цёплае. Як быццам асвятляла нам шлях. Як быццам ён сам сказаў: «Дзякуй. Усё добра».

Андрэй Бардухаеў-Арол памёр 5 ліпеня на 50-м годзе жыцця ад наступстваў анкалагічнай хваробы, з якой ён змагаўся апошнія паўгады. З 2021 года ён з жонкай і чатырма дзецьмі быў вымушаны жыць у эміграцыі пасля таго, як пакінуў Гомель з-за пагрозы пераследу па палітычных матывах.

Пасля пераезду ў Варшаву акцёры-сужэнцы Андрэй і Алеся працягнулі тэатральную дзейнасць і аднавілі праект «Атмасферныя спектаклі для невідушчых» ужо ў польскіх умовах.

Чытайце таксама:

Памёр Андрэй Бардухаеў-Арол

Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю

Памёр гродзенскі мастак-кераміст Яўген Адзіночанка

Памёр віцебскі кампазітар і дырыжор Ігар Кошалеў

Каментары да артыкула