Трамп адгаварыў рэспубліканцаў ад падтрымкі закона аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў рэспубліканцам у Кангрэсе адкласці разгляд законапраекта аб так званых «пякельных санкцыях» супраць Расіі. Пра гэта паведамляе Time са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва Сената.
Дональд Трамп. Фота: AP / Alex Brandon
Паводле гэтай інфармацыі, Белы дом выразна даў зразумець заканадаўцам, што не жадае прасоўваць гэту ініцыятыву, нягледзячы на шырокую двухпартыйную падтрымку. «Трамп гэтага не хоча», — адзначыў суразмоўца.
Законапраект быў распрацаваны сенатарам-рэспубліканцам Ліндсі Грэмам у сааўтарстве з дэмакратам Рычардам Блюменталем. Ён прадугледжвае суровыя эканамічныя меры не толькі ў дачыненні да Расіі, але і да краін, якія падтрымліваюць яе вайсковы патэнцыял праз гандаль энергарэсурсамі — у першую чаргу Індыі і Кітая.
У выпадку зрыву перамоў па Украіне або парушэнняў з боку Масквы прадугледжваецца ўвядзенне першасных і другасных санкцый, уключаючы 500-працэнтныя тарыфы на імпарт з краін, што працягваюць купляць расійскія нафту, газ, уран і іншыя рэсурсы.
Аднак 14 ліпеня Трамп прапанаваў больш мяккую альтэрнатыву. На прэс-канферэнцыі ў Белым доме ён жорстка раскрытыкаваў Крэмль, абвінаваціў Расію ў нежаданні весці мірныя перамовы і заявіў, што глыбока расчараваны пазіцыяй Уладзіміра Пуціна.
Пры гэтым Трамп адзначыў, што калі на працягу 50 дзён не будзе дасягнута пагадненне, то ЗША ўвядуць 100-працэнтныя тарыфы на тавары з Расіі і яе партнёраў.
Як патлумачыў лідар рэспубліканскай большасці ў Сенате Джон Тун у каментары выданню Politico, цяпер прэзідэнт можа дзейнічаць самастойна, ужываючы ўласную стратэгію на аснове тарыфаў.
Чытайце таксама:
Трамп: «І я такі: дзіўна!» Стэнаграма заяваў Трампа і Рутэ ў Белым доме
Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну
«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі
Уплыў Меланіі Трамп на мужа быў недаацэнены. Украіна атрымала нечаканага саюзніка ў яе асобе