Памерла артыстка з Бярозаўскага раёна, якая збірала мільёны праглядаў
16 ліпеня ў вёсцы Зарэчча Бярозаўскага раёна развіталіся з Зояй (Сафіяй) Барысюк — удзельніцай вядомага народнага дуэта «Зоя і Валера», паведамляе выданне «Першы». Ёй было 79 гадоў.
Вядомасць прыйшла да Зоі выпадкова ў 2012 годзе, калі нехта са сваякоў выклаў на YouTube песню расійскай спявачкі Алены Ваенгі «Куру» ў яе выкананні проста за кухонным сталом. Ролік хутка стаў вірусным, набраў мільёны праглядаў і зрабіў дуэт вядомым.
Потым «Куру» засталася галоўным хітом Зоі Барысюк — відаць, ніхто больш так шчыра і пранікнёна гэту песню не спяваў. Алена Ваенга, дарэчы, ніякіх прэтэнзій адносна аўтарскага права не мела і нават, кажуць, афіцыйна дазволіла дуэту выконваць песню.
У рэпертуары спявачкі-самародка былі і народныя беларускія песні, і папулярныя сучасныя, многія Зоя пісала сама. На піку славы дуэт неаднаразова ездзіў у Маскву на тэлешоў НТВ і ОРТ, пра іх здымалі фільмы, бралі інтэрв’ю, запрашалі на святы і канцэрты.
Чытайце таксама:
Памёр гродзенскі мастак-кераміст Яўген Адзіночанка