БЕЛ Ł РУС

«Яны лідзіруюць». Келаг высока ацаніў вытворчасць украінскіх БПЛА

17.07.2025 / 8:18

Nashaniva.com

Спецпрадстаўнік ЗША Кіт Келаг наведаў з візітам абаронныя прадпрыемствы, дзе распрацоўваюцца ўкраінскія дроны, і надзвычай высока ацаніў патэнцыял Украіны ў гэтай сферы. Пра гэта ён напісаў у сацсетцы X.

Фота: generalkellogg / Х

«Я на ўласныя вочы пабачыў, як вырабляюцца і распрацоўваюцца ўкраінскія беспілотнікі. Неверагодныя інавацыі», — напісаў Келаг.

Ён падкрэсліў, што Украіна лідзіруе ў гэтым новым тыпе вайны з выкарыстаннем БПЛА, і ЗША павінны звярнуць на гэта ўвагу.

«У гэтай новай эры, тыпе вайны яны лідзіруюць. Іх хуткасць інавацый і здольнасць да перапрацоўкі ўражваюць. Наша абаронна-прамысловая база павінна прыняць гэта да ўвагі і адаптавацца», — падкрэсліў Келог.

Раней прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Злучаныя Штаты хочуць набываць дроны, вырабленыя ва Украіне. Паводле яго слоў, гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас размовы з Дональдам Трампам.

Кіт Келаг прыехаў ва Украіну 14 ліпеня. Мяркуецца, што ён правядзе ў краіне некалькі дзён. Ва Украіне Келаг павінен атрымаць дадзеныя пра патэнцыял арміі РФ і перспектывы ўкраінскага войска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула