Як упарадкавалі сквер Амара Хаяма ў Мінску
Сквер размешчаны паміж вуліцамі Ванеева, Алега Кашавога і Партызанскім праспектам. Работы па ўпарадкаванні пачаліся ў красавіку і завяршыліся ў пачатку ліпеня. Што там змянілася, паглядзелі «Мінск-Навіны».
Упарадкаванне сквера звязана з размешчаным побач будынкам былога аўтавакзала «Усходні», які рэканструююць пад цэнтр тэхнічнай творчасці для дзяцей і моладзі. Ён зможа прымаць у аб'яднаннях па інтарэсах 7 тысяч навучэнцаў. Многія з іх, як чакаецца, будуць прыходзіць з бацькамі, бабулямі і дзядулямі. А значыць, у скверы неабходна стварыць умовы для адпачынку, у тым ліку актыўнага, розных катэгорый жыхароў.
У скверы з’явіліся металічныя канструкцыі з навесамі з полікарбанату, пад якімі падвешаны арэлі-«гнёзды». Побач — воркаут-пляцоўка. Адна са сцен мае прыстасаванні для заняткаў скалалажаннем.
Для аматараў спакойнага адпачынку і назірання за краявідам усталявалі 14 лавак. Чатыры лавы абсталяваны сонечнымі панэлямі, якія сілкуюць USB-порты — можна падсілкаваць тэлефон ці ноўтбук.
Таксама ў скверы паставілі інфармацыйныя шчыты пра рыб і птушак Сляпянскага канала.