Мінздароўя падзяліла «пацярпелых» у ДТЗ на тры патокі
Мінздароўя выпусціла каментар да сваёй пастановы ад 30 чэрвеня. У дапамогу кіраўнікам арганізацый аховы здароўя распрацавана і зацверджана Інструкцыя аб парадку арганізацыі і аказання медыцынскай дапамогі пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі.
Такі дакумент распрацаваны ўпершыню для прымянення пры масавых траўмах пацыентаў падчас дарожна-транспартных і іншых здарэнняў. У інструкцыі дадзены вызначэнні паняццяў «масавае паступленне пацыентаў» у залежнасці ад узроўню арганізацыі аховы здароўя, «медыцынская сарціроўка пацыентаў».
Асноўнымі задачамі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з траўмай пры іх масавым паступленні ў арганізацыі аховы здароўя з’яўляюцца: прыём пацыентаў, медыцынская сарціроўка ў залежнасці ад стану на «чырвоны», «жоўты» і «зялёны» патокі, размеркаванне па структурных падраздзяленнях арганізацыі аховы здароўя, своечасовае выкананне пацыентам неабходных мерапрыемстваў па аказанні медыцынскай дапамогі.
У пастанове дакладна тлумачыцца, як працуе гэты колеравы падзел:
«чырвоны» паток пацыентаў — пацыенты, якія маюць патрэбу ў аказанні экстраннай медыцынскай дапамогі ў арганізацыі аховы здароўя;
«жоўты» паток пацыентаў — пацыенты, якія маюць патрэбу ў аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі ў арганізацыі аховы здароўя, у якую яны былі дастаўлены, або ў пераводзе ў іншую арганізацыю аховы здароўя, а таксама пацыенты, што страцілі здольнасць да самастойнага перамяшчэння і самаабслугоўвання;
«зялёны» паток пацыентаў — пацыенты, якія не маюць патрэбы ў аказанні экстраннай або неадкладнай медыцынскай дапамогі і захавалі здольнасць да самастойнага перамяшчэння і самаабслугоўвання.