Дзяўчына падсела ў другі аўтобус у чарзе і прайшла мяжу Польшчы з Беларуссю ўсяго за паўсутак
Беларуска расказала, як яна разам з сяброўкай перасякала мяжу паміж Польшчай і Беларуссю ноччу з 14 на 15 ліпеня 2025 года. Дзяўчаты падселі ў другі аўтобус у чарзе і змаглі праехаць мяжу за 12 гадзін, што многія лічаць вялікім поспехам — у іншых гэты працэс займаў значна больш часу, піша BG.Media.
Фота ілюстрацыйнае
Дзяўчаты даехалі з Варшавы да памежнага Тэрэспаля цягніком — гэта хутчэй і танней, чым аўтобусам. Квіток каштаваў 58 злотых (каля 44 беларускіх рублёў). На вакзале іх сустрэлі таксісты, якія за 10 злотых (прыкладна 7,5 рубля) адвезлі іх да памежнага пункта «Тэрэспаль».
Там ужо стаялі больш за 30 аўтобусаў, але дзяўчаты змаглі падсесці ў другі аўтобус ад шлагбаума. За гэта заплацілі 190 злотых (каля 150 беларускіх рублёў).
Увесь шлях ад пасадкі да выезду з пункту «Брэст» заняў у іх прыкладна 12 гадзін.
Гэты час размяркоўваўся так:
- У Тэрэспаль аўтобус заехаў у 01:43.
- У 04:00 прайшлі польскі кантроль.
- У 09:17 трапілі да беларускіх памежнікаў.
- У 10:30 прайшлі праверку.
- У 11:52 выехалі з «Брэста».
Выдаткі на чалавека ў агульным выніку склалі 258 злотых (каля 197 рублёў).
У каментарах пад відэа людзі дзеляцца сваім уласным вопытам і адзначаюць, што 12 гадзін — гэта яшчэ хутка. Некаторыя чакалі і па 20, і 25, а то і па 37 гадзін. Адна жанчына расказала, што з маленькім дзіцём ехала з Познані да Гродна 25 гадзін.
Іншыя ўзгадалі, як аўтобус затрымалі з-за таго, што ў аднаго пасажыра знайшлі забароненыя рэчы — прыйшлося чакаць міліцыю і праходзіць праверкі яшчэ 7 гадзін.