БЕЛ Ł РУС

Фіца: Славакія здымае вета з 18-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі

18.07.2025 / 6:58

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца заявіў, што даручыў прадстаўнікам краіны ў Еўрапейскім Саюзе падтрымаць 18-ы пакет санкцый супраць Расіі. Ён сказаў, што яны з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен дамовіліся пра гарантыі для Славакіі адносна цэн на газ, піша «Украінская праўда».

Роберт Фіца. Фота: AP/ Denes Erdos

Паводле слоў Фіцы, далейшае блакаванне санкцый было б контрпрадуктыўным, бо ўсе магчымасці для перамоваў з Еўракамісіяй ужо вычарпаныя, а зацягванне шкодзіць інтарэсам самой Славакіі.

Фіца адзначыў, што яго краіна ў цэлым шэсць разоў накладала вета на 18-ы пакет абмежаванняў. Паводле яго слоў, Славакія мае пісьмовыя гарантыі ад Еўрапейскай камісіі, падпісаныя яе прэзідэнткай Урсулай фон дэр Ляен і ўсім калегіумам еўракамісараў.

Пацверджаныя гарантыі з боку ЕС тычацца цэн на газ і магчымай яго недастатковасці, транспартных тарыфаў, а таксама магчымасці абвяшчэння надзвычайнай сітуацыі ў выпадку рэзкага скачка цэн або дэфіцыту газу, што можа прывесці да крызісных рашэнняў аж да скасавання забароны на імпарт расійскага газу.

Адначасова прэм’ер паўтарыў сваю пазіцыю, што Славакія ніколі не падтрымае поўнае спыненне паставак расійскага газу ў ЕС, якое можа ўступіць у сілу з 2028 года. Паводле яго, гэта пашкодзіць канкурэнтаздольнасці Еўрасаюза, у тым ліку і Славакіі.

Нягледзячы на згоду разблакаваць 18-ы пакет санкцый, паводле слоў Фіцы, адразу пасля галасавання пачнецца «другая фаза барацьбы за расійскі газ». Ён растлумачыў, што Славакія ўжо мае зацверджаны план прасоўвання нацыянальных інтарэсаў, створаны спецыяльны аператыўны штаб для рэалізацыі дадзеных гарантый, а таксама прадугледжаны строгія кантрольныя механізмы.

У выпадку, калі гэтыя меры не дадуць выніку, Фіца папярэдзіў, што Еўракамісія ўжо працуе над 19-м пакетам санкцый, які таксама будзе патрабаваць згоды Славакіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула