Нацбанк хоча забараніць у Беларусі разлікі з дапамогай крыптавалют
У Беларусі плануецца ўнесці шэраг змяненняў у заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць, звязаную з крыптаактывамі. Аб гэтым расказаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка падчас сустрэчы са сваім калегам з Казахстана Цімурам Сулейменавым.
Фота: vecteezy.com
Паводле слоў Галоўчанкі, Беларусь адной з першых на постсавецкай прасторы сфарміравала прававое поле для працы з крыптавалютамі. І гэты сегмент фінансавага рынку расце.
Пры гэтым крыптавалютны бізнес ужо вырас да такога ўзроўню, што можа аказваць уплыў на стабільнасць фінансавага рынку ў цэлым. Таму ў Нацбанку хочуць крыху адкарэктаваць заканадаўства ў гэтай сферы.
Як гаворыцца ў паведамленні рэгулятара, плануецца «адназначна ўсталяваць забарону на выкарыстанне (крыптавалют) у якасці сродку плацяжу, аптымізаваць патрабаванні да профільнага бізнесу, сфармаваць належныя механізмы абароны яго кліентаў».
Па сутнасці, і сёння адзіным законным плацежным сродкам у Беларусі з’яўляецца беларускі рубель. Пры гэтым фізічныя асобы могуць валодаць крыптавалютамі, захоўваць іх на віртуальных кашальках, займацца майнінгам, абменьваць іх, купляць і прадаваць (праз ПВТ), а таксама дарыць.
Акрамя таго, суб’ектам гаспадарання ў шэрагу выпадкаў дазволена выкарыстоўваць токены пры ажыццяўленні разлікаў па знешнегандлёвых здзелках.