БЕЛ Ł РУС

Беларусам з 11-месячным дзіцём не далі паляцець на Кіпр па польскім праязным дакуменце. Дачапіліся да дзіцяці

18.07.2025 / 21:50

Nashaniva.com

Сям’ю беларусаў з 11-месячным дзіцём не пусцілі на самалёт авіякампаніі Wizz Air, які ляцеў на Кіпр. Прычына — дзіця мела толькі польскі праязны дакумент і сталае месца жыхарства ў Польшчы, але не мела пашпарта, у тым ліку беларускага, паведаміў тэлеграм-канал Dzik Pic.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons

Дзіця беларусаў нарадзілася ўжо ў Польшчы, і беларускага грамадзянства не афармлялася. Гэта выклікала праблему на этапе пасадкі.

Як расказалі муж з жонкай, яны спакойна прайшлі рэгістрацыю і пашпартны кантроль у аэрапорце. Але праблемы ўзніклі на гейце:

«Калі падышлі да стойкі на гейце, дзе скануюць пасадачны, жанчына сказала: «Я не ўпэўненая, што вы можаце ляцець з гэтым дакументам». Камусьці патэлефанавала, апісала дакумент і сказала чакаць».

На спробы паказаць афіцыйную інфармацыю з сайта ўладаў Кіпра, дзе сказана, што візы для дзяцей з такім дакументам не патрабуецца, супрацоўніца не рэагавала. У выніку, калі ўсе пасажыры ўжо прайшлі на борт, яна зноў патэлефанавала начальству і паведаміла:

«Прабачце, я не магу пусціць вас на борт, бо ў нас ёсць падазрэнне, што вас не пусцяць на Кіпр, што пацягне за сабой дэпартацыю ў Польшчу. Калі б на вашым дакуменце было пазначана, што ён выдадзены на падставе Жэнеўскай канвенцыі 1951 года альбо калі б у дзіцяці быў пратэрмінаваны пашпарт — то мы б вас пусцілі».

Сям’я падала скаргу на сайце Wizz Air і чакае адказу на працягу 30 дзён, але мяркуе, што атрымае стандартны адказ:

«Адпіску ў стылі «вы самі павінны паклапаціцца аб дакументах».

Аднак ужо былі выпадкі, калі беларусам удавалася атрымаць кампенсацыю. Напрыклад, Ryanair выплаціў грошы жанчыне, якую не пусцілі з праязным дакументам, а таксама іншай сям’і, калі з-за падобнай сітуацыі не змагла паляцець 12-гадовая дачка.

Чытайце таксама:

Беларусаў з жэнеўскімі пашпартамі не пусцілі ў Варшаве на самалёт у Малдову

«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт

Wizz Air адмовіў беларусцы з польскім праязным дакументам у пасадцы на рэйс на Кіпр

Каментары да артыкула