Мужчына паспрачаўся, што пераплыве раку з цыгарэтай у зубах, і патануў
Вечарам у пятніцу ў Барысаўскім раёне адбылася трагедыя. У рацэ Лошыца патануў мужчына, прычым загінуў па ўласнай дурноце.
— 43-гадовы жыхар Барысава сёння атрымаў заробак і вырашыў сустрэцца з сябрамі. Разам паехалі адпачываць на бераг ракі Лошыца паблізу Лошніцы, — расказала «Мінскай праўдзе» старшы следчы Барысаўскага РАСК Дар'я Катановіч. — У нейкі момант мужчына вырашыў даказаць сябрам, што зможа пераплыць раку з цыгарэтай у зубах, на час. Паводле слоў відавочцаў, яны адгаворвалі яго ад гэтай авантуры. Але барысаўчанін распрануўся і паплыў.
Смеласць мужчыны скончылася трагедыяй. Да берага ён не даплыў. Відавочцы выклікалі выратавальнікаў, але ўжо было позна. Цела мужчыны дасталі з вады.