БЕЛ Ł РУС

У Літве стабальнікаў прэміруюць немалымі грашыма. А іх настаўнікаў — яшчэ большымі. Але сёлета сістэма ледзь не зламалася

20.07.2025 / 17:20

Сяргей Гезгала

Беларусы пра такое могуць толькі марыць: самыя старанныя выпускнікі Літвы атрымліваюць грошай на свой першы аўтамабіль проста за поспех на ЦТ. У суседняй з намі краіне ёсць традыцыя прэміраваць найлепшых выпускнікоў. Сума залежыць ад горада. У некаторых выплаты даходзяць да 1000 еўра за кожныя атрыманыя сто балаў.

Ілюстрацыйнае фота: фестываль танцу ў Вільні. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

Грошы таленавітым выпускнікам выплачваюць самакіраванні — аналаг беларускага выканкама, толькі ў Беларусі іх прызначаюць зверху, а ў Літве выбіраюць.

«Калі абітурыент атрымлівае тры соткі, то яму выплачваем 3000 еўра», — расказвае Далюс Мацкявічус, віцэ-мэр Лаздзіяйскага раёна на поўдні Літвы.

«Сотка — выпускніку, а настаўніку, які падрыхтаваў стабальніка, выдзяляецца 300 еўра. Важна, каб маладыя людзі мелі мэту імкнуцца да ведаў, сканчаць ВНУ, вяртацца ў родны горад і тут ствараць дабрабыт гэтага горада», — кажа мэр Клайпеды Арвідас Вайтус.

У гэтым годзе колькасць стабальнікаў у Літве вырасла больш як у 4 разы, больш за 3000 чалавек атрымалі сто балаў на 5900 экзаменах. І гэта не таму, што юнакі рэзка сталі лепш вучыцца. Проста новы левацэнтрысцкі ўрад раскрытыкаваў уведзеныя мінулым, правацэнтрысцкім, больш строгія стандарты ацэнкі ведаў. І пастанавіў па ўсіх прадметах, акрамя літоўскай мовы, аўтаматам накінуць усім сёлетнім абітурыентам па 10 балаў.

Гэта стала адказам на крытыку з боку вучняў. Але частка грамадства і апазіцыя такі крок раскрытыкавала.

«Ад школьнікаў мы ўжо чуем, што яны адчуваюць гэтыя свае сто балаў незаслужанымі», — расказала літоўскаму грамадскаму тэлебачанню адна з настаўніц. «Можа быць і захутка тыя змены ўвялі. Але атрымалася як атрымалася, і мы мусім жыць з гэтым», — сказаў адзін са стабальнікаў.

Тым не менш, усе самакіраванні абяцаюць прэміі адораным выпускнікам выплаціць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула