БЕЛ Ł РУС

ЗША паставяць зброю найперш тым саюзнікам, якія аддадуць свае запасы Украіне

19.07.2025 / 18:47

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі выдання The Wall Street Journal, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа мяняе падыход да паставак узбраення саюзнікам: прыярытэт цяпер атрымаюць тыя краіны, якія гатовыя перадаць Украіне частку сваіх запасаў, напрыклад сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Першай у чарзе стала Германія — яна зможа перадаць Украіне дзве ўласныя сістэмы Patriot, бо ЗША абяцаюць хутка іх замяніць. Гэта першы выпадак, калі Пентагон дапамагае такім чынам з пастаўкамі пасля таго, як Трамп заявіў пра падтрымку дадатковай вайсковай дапамогі Украіне.

Пры гэтым, як адзначае выданне, заходнія вытворцы зброі на мяжы сваіх магчымасцяў — патрэбы Украіны вялікія, але вытворчыя лініі не паспяваюць.

План Трампа прадугледжвае, што краіны НАТО будуць купляць у ЗША зброю, якую аддадуць Украіне. Гэта, на думку Трампа, «справядліва»: саюзнікі аплочваюць новае ўзбраенне, а ЗША яго пастаўляюць. Цэны значныя — адна батарэя Patriot каштуе больш за 1 мільярд даляраў, а ракета да гэтага комплексу — каля 4 мільёнаў.

План распаўсюджваецца не толькі на Patriot, але і на іншыя віды наступальнай і абарончай зброі. Пентагон будзе кантраляваць увесь працэс. Да плану ўжо далучыліся Германія, Нарвегія, Данія, Нідэрланды, Швецыя, Вялікабрытанія, Канада і Фінляндыя. Некаторыя іншыя краіны гатовыя падтрымаць ініцыятыву пасля ўдакладнення дэталяў.

У панядзелак запланаваная віртуальная сустрэча міністра абароны ЗША Піта Хегсета з калегамі з краін НАТО, а ў сераду — асобная нарада з удзелам краін, што валодаюць сістэмамі Patriot.

У той жа час еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі адзначаюць, што галоўная праблема — тэрміны паставак і ўмовы выкарыстання заходняй зброі. Некаторыя еўрапейскія сталіцы чакаюць, каб Вашынгтон растлумачыў, якія менавіта ўзбраенні будуць перададзеныя, калі і з якімі абмежаваннямі.

На гэтым тыдні Трамп таксама пагражаў увядзеннем 100% дадатковых тарыфаў супраць Расіі, калі Пуцін не пагодзіцца на спыненне агню цягам 50 дзён.

Чытайце таксама:

ЗША спяшаюцца перадаць Украіне абяцаную Трампам зброю як мага хутчэй

«Калі ты хочаш вайны — мы ўзброім Украіну, а Еўропа за гэта заплаціць». Прадстаўнік ЗША пры НАТА расказаў пра сігнал Пуціну

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

ЗША паставяць праз НАТА зброю Украіне на $10 мільярдаў

Зяленскі расказаў пра «мегаздзелку» з ЗША па ўзбраеннях

Данія дапаможа Украіне са спадарожнікавай сувяззю, каб паслабіць залежнасць ад Маска

Каментары да артыкула