Смеццевыя палігоны ў Беларусі амаль цалкам вычарпалі свой рэсурс. Што будзе далей з адходамі?
З 2010 года агульная колькасць палігонаў скарацілася ў 22 разы.
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі зацвердзіла Стратэгію развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі да 2035 года. У прыватнасці, ідзе гаворка аб зборы смецця і паасобным зборы адходаў, піша Blizko.by.
Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 4 мільёнаў тон цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), што складае не больш за 7% ад агульнага аб'ёму ўтварэння адходаў. Пры гэтым больш за 80% аб'ёму ЦКА складаюць адходы спажывання ад насельніцтва.
Аб'ём збору другаснай сыравіны ў 2024 годзе склаў 840.200 тон, аб'ём выкарыстання арганічнай часткі ЦКА — 511.000 тон. Раздзельным зборам ахоплена 85,3% насельніцтва (7,9 мільёна чалавек).
У 2012 годзе паўторна выкарыстоўвалася (перапрацоўвалася) каля 10% ЦКА, а ў 2024-м — 39,6%. Па гэтым паказчыку Беларусь з'яўляецца лідарам у СНД і ЕАЭС. Сёлета паказчык збіраюцца давесці да 64%, а да 2035 года — нават да 90%.
З 2010 года агульная колькасць палігонаў скарацілася ў 22 разы. Міні-палігонаў больш не засталося зусім. Пахаванне адходаў ідзе на 151 палігоне па ўсёй краіне. Пры гэтым запасе палігонаў па краіне ў цэлым хопіць прыкладна на 10 гадоў, пераважная частка палігонаў ЦКА вычарпала свой рэсурс. У бліжэйшыя гады ў Магілёўскай і Мінскай абласцях іх рэсурс будзе вычарпаны практычна цалкам.