Старшыня «Белдзяржхарчпрама» пракаментаваў падаражанне кандытарскіх вырабаў
Па словах старшыні «Белдзяржхарчпрама» Алега Жыдкова, высокія цэны на какаву і кандытарскія вырабы тлумачацца сусветным неўраджаем і іншымі прычынамі. Яго словы з эфіру дзяржаўнага тэлебачання прыводзіць «Камсамольская праўда».
Ілюстрацыйны здымак
«Пакуль перадумоў да таго, што цана пойдзе ўніз, мы не бачым. Тэндэнцыя змены кошту ў меншы бок, калі і будзе адбывацца, то нязначна», — сказаў Алег Жыдкоў.
Па яго словах, беларуская кандытарская галіна залежыць ад імпарту какававых бобаў, а яны даражэюць па ўсім свеце праз неўраджай. Але ён дадаў, што ёсць таксама «шмат спецыфічных момантаў, што ўплываюць на фарміраванне цаны».
Старшыня «Белдзяржхарчпрама» патлумачыў, што ў 2023 годзе цэны на такія вырабы штучна стрымліваліся. У 2024 і першай палове 2025 гадах цана сыравіны значна не змянялася, але заставалася даволі высокай.
А цяпер на біржах цана какава-бобаў павялічылася з-за чаканага зніжэння ўраджайнасці ў свеце, павелічэння выдаткаў на транспартна-лагістычныя паслугі.