БЕЛ Ł РУС

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

22.07.2025 / 7:14

Nashaniva.com

Гатаваць жа на такой вадзе зусім немагчыма і небяспечна.

У рэдакцыю Tochka.by звярнулася жыхарка горада Гарадок Віцебскай вобласці Марына. Яна скардзіцца, што з крана ў яе рэгулярна цячэ вада агіднай якасці, а мясцовыя службы не могуць вырашыць праблему ўжо некалькі гадоў.

Гарачая вада з крана ў кватэры Марыны — колеру кавы. Сям’я кажа, што яны нават не могуць нармальна памыцца. Гатаваць жа на такой вадзе зусім немагчыма і небяспечна.

«У нас уся вуліца Гагарына так жыве. Людзі пішуць у 115, звяртаюцца ў ЖЭС, у водаканал. Атрымліваем толькі адпіскі, што наша вада належнай якасці. Але вы самі паглядзіце», — скардзіцца жанчына. Яна кажа, што з «халоднага» крана вада цячэ крыху лепш. Але ўсё роўна шэрая.

«Бачыце, нават ва ўнітазе вада мутная. Фільтры пастаянна забіваюцца, сантэхніка ламаецца. Вось зараз некалькі дзён вада такая. Мыцца ёй нельга, гатаваць — тым больш», — кажа Марына. Пасля зваротаў у камунальныя службы, адзначае жанчына, праблема на некалькі дзён вырашаецца. Але потым усё паўтараецца па крузе.

«Заяўкі толькі прымаюць, ужо нават іх не закрываюць. Прыходзяць, нешта падкручваюць і кажуць, што вада ў нас добрая. Але гэтага хапае толькі на пару дзён, а потым — зноў бруд з крана», — наракае жанчына.

Што з вадой у Гарадку?

Па каментар Tochka.by звярнулася ў «Віцебскаблводаканал». Там адзначылі, што пра праблемы з вадой у раёне вуліцы Гагарына ім вядома. І каб забяспечыць гараджан вадой належнай якасці, ужо прыступілі да рэканструкцыі станцыі абезжалезвання ў вёсцы Суроўні Гарадоцкага раёна, адкуль падаецца вада.

Зараз спецыялісты праводзяць рэгулярны маніторынг якасці пітной вады ў гэтым раёне.

Як толькі скончацца работы па рэканструкцыі станцыі абезжалезвання, будзе праведзена прамыўка цэнтральнай сеткі водазабеспячэння.

«Дадаткова паведамляем, што жыхары вул. Гагарына ў горадзе Гарадок звярталіся ў «Віцебскаблводаканал» па пытанні якасці падаванай вады. Дадзенае пытанне знаходзіцца на кантролі», — адзначылі на прадпрыемстве.

Акрамя таго, там запэўнілі, што жыхарам праблемнага мікрараёна паменшаны памер платы за камунальныя паслугі халоднага водазабеспячэння за той перыяд, калі выявіліся недахопы ў падачы вады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула