«Хай спяць пад кустамі!» У Барысаве патрабуюць зрабіць штосьці з бяздомнымі на вакзале
У зале чакання чыгуначнага вакзала Барысава часам спяць людзі без пэўнага месца жыхарства. І іх выгляд і стан палохае астатніх пасажыраў, піша «Мінская праўда».
Вакзал у Барысаве. Фота тут і далей: «Мінская праўда»
«Як доўга гэта будзе працягвацца? Няўжо нельга іх у начлежкі замкнуць?! — напісала газеце барысаўчанка Вольга. — Некалькі гадоў таму ў Барысаве зрабілі прыгожы рамонт на чыгуначным вакзале. І цяпер там смярдзіць бамжамі. Па іх казуркі скачуць, чаму пасажыры павінны гэта трываць? І не дай Бог падчапіць якую заразу ад людзей, якія свядома выбралі шлях антыгігіены. Я яшчэ разумею, зімой — мароз ці дождж. Але на вуліцы цёпла, хай спяць пад кустамі, раз паняцце начлежка, мыццё і вяртанне ў соцыум — ім не цікава».
Пасажыры вакзала пацвердзілі журналістам, што такі кантынгент сапраўды з'яўляецца.
«Езджу на працу ў Мінск і часта заходжу на вакзал, асабліва, калі дождж, каб перачакаць, — дзеліцца Вікторыя Сяргееўна. — Так, часам бачу такіх людзей у зале чакання. Шчыра, выгляд не з прыемных. Ад іх жа не толькі ідзе пах, хтосьці дазваляе сабе лаяцца матам, піць, а таксама спраўляць натуральныя патрэбы ў месцах, для гэтага не прыстасаваных (на тэрыторыі каля вакзала). Культурныя пасажыры часам не могуць дыхаць. А зрабіць заўвагу ім страшна. Раптам яшчэ замахнецца на цябе…»
На вакзале аб гэтай праблеме ведаюць.
«Мы ўсяляк стараемся падтрымліваць парадак на вакзале. І калі нашы супрацоўніцы бачаць, што ў зале чакання знаходзіцца чалавек, які парушае парадак альбо спіць на лаўцы і выгляд яго, сапраўды, антысанітарны — просім пакінуць памяшканне вакзала. Калі ён пачынае буяніць, лаяцца — выклікаем супрацоўнікаў міліцыі, — тлумачыць намесніца начальніка чыгуначнай станцыі «Барысаў» Алена Гарбунова. — Пасля гэтага абавязкова праводзім санітарную апрацоўку. Але тут не так усё проста. Часам мы выганяем асацыяльных асоб, а побач сядзіць чалавек і лае нас за гэта. Кажа: «А навошта вы яго выганяеце на вуліцу? Хай сядзіць». Бываюць і такія канфлікты. І такая рэакцыя бывае. Таму пытанне няпростае».
У Барысаўскім РУУС пракаментавалі, што спрабуюць змагацца з гэтым.
У Барысаве для людзей без пэўнага месца жыхарства ёсць спеццэнтр часовага знаходжання. Туды можа звярнуцца любы чалавек, якому патрэбна дапамога. Таксама ў моцныя маразы на базе цэнтра адкрываецца пункт абагравання для бяздомных. Акрамя месца ў цёплым памяшканні, арганізуюць гарачы чай і ежу, можна скарыстацца зімовай вопраткай. А каб трапіць у цэнтр жыць, трэба прайсці першаснае медыцынскае абследаванне на наяўнасць якіх-небудзь захворванняў (з гэтым дапамагаюць супрацоўнікі цэнтра) і весці цвярозы лад жыцця. Адпаведна, цэнтр таксама дапамагае з аднаўленнем дакументаў, падачай на пенсію, інваліднасць. У штаце працуе псіхолаг. У людзей ёсць магчымасць застацца тут да паўгода. Пры неабходнасці тэрмін можа быць павялічаны.
Як расказалі ў цэнтры часовага знаходжання людзей без пэўнага месца жыхарства, галоўнае, каб чалавек быў зацікаўлены сабе дапамагчы. Але, на жаль, у большасці выпадкаў такія людзі праводзяць зіму і зноў вяртаюцца на вуліцу. Для іх гэта ўжо лад жыцця.