Цэны на шакалад здзіўляюць
У Беларусі выраслі цэны на шакалад — і, па словах старшыні «Белдзяржхарчпрама» Алега Жыдкова, зніжэння не прадбачыцца. Паглядзелі, па колькі цяпер прадаюць шакалад.
Фабрыка «Камунарка». Фота: сацсеткі
Цэны на шакалад актыўна абмяркоўваюць у сацсетках.
«А што адбываецца, што здарылася? Дзяўчаты, алё, «Камунарка» 200 грамаў па 10 рублёў. Вы на прыколе?» — здзіўляліся беларусы ў тыктоку яшчэ ў сакавіку.
«Шакалад раней каштаваў менш за даляр за плітку, а цяпер….» — пішуць у каментарах.
«Паслала мужа па горкі шакалад, а ён кажа: можа, лепш кілаграм мяса купіць?» — жартуюць.
«Раней «Альпен гольд» быў бюджэтны, а цяпер — як тады «Мілка» і «Рытэр спорт» [каштавалі]. А яны яшчэ вышэй».
«Едастаўка»
У анлайн-краме «Еўраопта» набыць папулярны беларускі шакалад «Алёнка» можна па 9,25 рубля за 200 грамаў. Трошкі таннейшы будзе «Труфельны эліт» ад «Камунаркі» — па 7,19 рубля за 200 грамаў.
Шакалад Nestle звычайна прадаецца пакункамі па 70—80 грамаў. Набыць яго ў «Едастаўцы» можна за 4,69—5,49 рубля. Milka — па 6,29 рубля за 80 грамаў.
Высокія цэны трымаюцца і на шакаладныя цукеркі: «Грыльяж з арахісам» ад «Камунаркі» прадаюць па 34,69 рубля за кілаграм. А «Батончык сметанковы» ад той жа фабрыкі — па 15,75 рубля (цяпер ён на зніжцы 25%).
Скрыншот: edostavka.by
Emall
У Emall цэны традыцыйна ніжэйшыя, чым у «Едастаўцы». За шакаладку «Алёнка» папросяць 7,98 рубля, а за «Труфельны эліт» — 6,98 рубля.
Набыць Nestle тут можна за 4,29-7,59 рубля, а Milka — 6,09-18,89 рубля за 80 ці 300 грамаў.
«Батончык сметанковы» тут будзе каштаваць 26,46 рубля за 800 грамаў. Шакаладныя цукеркі «Аэрафлоцкія» — 38,99 рубля за 1,5 кілаграма.
Скрыншот: emall.by
Green
У гіпермаркеце Green шакалад «Алёнка» каштуе 11,28 рубля за 200 грамаў. Выбраць плітку ад той «Камунаркі» з салёнай карамеллю можна за 7,49 рубля.
Nestle тут прадаецца ўсё так жа па цане каля 4,39-6,99 рубля. Вялікую Milka (300 грамаў) можна набыць за 18,49-20,38 рубля.
Такая ж высокая цана і на цукеркі: 200 грамаў «Аэрафлоцкіх» можна набыць за 6,75 рубля. А «Грыльяж з арахісам» 200 грамаў — за 7,12 рубля.
Скрыншот: green-dostavka.by
Акцыі ў іншых крамах
Па зніжцы прапануюць набыць шакалад у сеткавай краме «Капеечка». Шакалад «Камунарка» з парэчкай ці з арахісавай пастай тут каштуе 6,99 рубля за 200 грамаў. Nestle у «Капеечцы» прадаюць па 4,19 рубля за 82 ці 90 грамаў.
У «Грошыку Мега» цяпер па зніжцы цукеркі «Батончык сметанковы» — 16,99 рубля за кілаграм. У «Суседзях» па зніжцы можна знайсці Alpen Gold па 4-8 рублёў за 75-140 грамаў і цукеркі ўласнага брэнду крамы.
Як цэны змяніліся за год?
Калі параўнаць цэны на «Едастаўцы» на адны і тыя ж шакаладкі цяпер і ў ліпені мінулага года, то аказваецца, што яны выраслі больш чым на 10%.
Так, 200-грамовая «Алёнка» падаражала на 12% (год таму каштавала 8,25 рубля), стандартная Milka — на 19% (было 5,26 рубля), Nestle — адразу на 56% (было 2,99 рубля). «Кіндар шакалад» (100 грамаў) нават болей — на 68% (з 7,25 рубля да 12,24).
А як у суседзяў?
Цэны на шакалад выраслі ва ўсім свеце.
У Расіі Milka можна набыць за 126—219 расійскіх рублёў (каля 4,7—8,1 беларускага рубля). Расійская «Алёнка» там жа будзе каштаваць па 109—219 расійскіх рублеў (каля 4—8 беларускіх рублёў).
У Літве якасны шакалад мясцовай вытворчасці маркі Pergale прадаюць прыблізна па 1,49—2,49 еўра (5-8,5 беларускага рубля) за 80 грамаў. Milka — па 2,59 еўра за 100 грамаў. Але трэба сказаць, што тут практычна заўсёды нейкі шакалад прадаецца па акцыях з 20—30-працэнтнай зніжкай.
Аднак нельга забываць, што сярэдні заробак чыстымі ў Расіі ў паўтара, а ў Літве — у 2,5 разу вышэйшы, чым у Беларусі, таму звычайны чалавек за свой заробак там можа дазволіць сабе больш ласунку, чым сярэдні беларус.
Нядаўна старшыня «Белдзяржхарчпрама» Алег Жыдкоў заявіў, што паніжэння цэн на кандытарскія вырабы чакаць не варта. Чыноўнік кажа, што на фармаванне цэн уплывае не толькі сусветны неўраджай какава-бабоў, але і шэраг «спецыфічных момантаў».
«Пакуль перадумоў да таго, што цана пойдзе ўніз, мы не бачым. Тэндэнцыя змены кошту ў меншы бок, калі і будзе адбывацца, то нязначна», — сказаў Алег Жыдкоў.
Чытайце таксама:
Колькі цяпер каштуе кава — молатая, у зярнятах і распушчальная? Некаторыя цэны здзіўляюць
Старшыня «Белдзяржхарчпрама» пракаментаваў падаражанне кандытарскіх вырабаў