БЕЛ Ł РУС

Чаму Лукашэнка не Аліеў

22.07.2025 / 19:41

Nashaniva.com

Канфлікт паміж Азербайджанам і Расіяй дае падставы для таго, каб вывесці пэўныя ўрокі і для Беларусі. Каб супрацьстаяць ціску імперыі, трэба мець трывалыя пазіцыі ўнутры краіны, моцных саюзнікаў і цвёрды ідэалагічны падмурак. Якраз усяго гэтага бракуе рэжыму Лукашэнкі, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. Фота: Contributor/Getty Image

Расія траціць міжнародны ўплыў

Кінуўшы ўсе сілы і рэсурсы на вайну супраць Украіны, Расія нечакана атрымала пабочны эфект у замежнай палітыцы. Моцна ўзрасла яе залежнасць ад Кітая. А адначасова значна і вельмі заўважна зменшыўся ўплыў Масквы ў іншых рэгіёнах свету.

У прыватнасці, моцна ўпала міжнародная вага РФ на Блізкім Усходзе. Мінулым годам абрынуўся рэжым Башара Асада ў Сірыі, які трымаўся на расійскай падтрымцы. Месяц таму другі саюзнік Расіі — Іран — пацярпеў паразу ў вайне з Ізраілем і ЗША. Цяпер планы аднаўлення ваеннага патэнцыялу іранцы звязваюць не з Расіяй, а з Кітаем.

На вачах адбываецца страта расійскага ўплыву на Паўднёвым Каўказе. Спачатку Арменія прыйшла да высновы, што Расія як галоўны саюзнік здрадзіла ёй, і пачала дыстанцыявацца ад Масквы. Яна замарозіла сваё сяброўства ў АДКБ і шукае падтрымкі ў іншых месцах. Узмацняюцца сувязі Ерэвана з Захадам. Арменія спрабуе нармалізаваць адносіны са сваім адвечным ворагам Турцыяй.

І вось цяпер на адкрыты канфлікт з Расіяй пайшоў Азербайджан. З самага пачатку незалежнага існавання гэтая краіна імкнулася пазбягаць шчыльных сувязяў з Масквой. Маючы свае запасы нафты, Баку пашыраў поле для манеўру. Азэрбайджан ухіліўся ад сяброўства ў АДКБ і ЕАЭС. А цяпер робіць рашучыя крокі, каб аддаліцца ад Расіі.

Канфлікт Азербайджана з Расіяй і ўрокі для Беларусі

Досвед Азербайджана дае пэўныя ўрокі і для Беларусі.

1. Азербайджан разбурае стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў свядомасьць палітычнай эліты і экспертнай супольнасці. Яны палягаюць у тым, што дэмакратычныя ці паўдэмакратычныя рэжымы на постсавецкай прасторы арыентуюцца ў сваёй замежнай палітыцы на Захад, а дыктатуры шукаюць шчыльнага саюзу з Расіяй як гаранта захавання аўтакратый і супрацьяддзя ці антыдота супраць «каляровых рэвалюцый».

Азербайджан — класічны аўтарытарны рэжым, да 2020 года больш жорсткі, чым беларускі. Тым не менш, клану Аліева не патрэбная падтрымка Расіі для ўтрымання ўлады.

2. Азербайджанскі досвед пацвярджае выснову, якая і дасюль была больш-менш зразумелая: пазбаўленне ад кантролю з боку Расіі можа адбывацца толькі праз канфлікт. Імперыя проста так нікога адпускаць з зоны свайго ўплыву не збіраецца. Гэта пацвярджае і досвед Грузіі, і, асабліва, досвед Украіны. Вось цяпер Баку давялося ісці на жорсткае супрацьстаянне з Масквой, каб пазбавіцца залежнасці ад яе.

3. Кіраўніцтва Азербайджана пайшло на канфлікт з Масквой, маючы моцныя пазіцыі. За плячыма Ільхама Аліева — перамога ў вайне за Карабах, вяртанне гэтай тэрыторыі пад кантроль Азербайджана. Гэты вобраз «Пераможцы», прызнаны грамадствам, надае яму рэальную папулярнасць, дае свабоду рук у замежнай і ўнутранай палітыцы.

У Аляксандра Лукашэнкі няма такой гісторыі поспеху. Перамога над народным пратэстам у 2020 годзе даволі сумнеўная. Яна атрыманая не над вонкавым ворагам, а над уласным народам. Мяркуючы па тым, як ён увесь час згадвае тыя падзеі, зразумела, што яму даводзіцца даказваць слушнасць той перамогі. Яна не прызнаецца за перамогу прынамсі паловай насельніцтва. Цяжка вызначыць рэальную папулярнасць Лукашэнкі, але ў любым выпадку яна непараўнальная з той, што мае Аліеў. І гэта моцна абмяжоўвае свабоду рук, бо даводзіцца ўвесь час аглядацца вакол, зважаць на тое, што скажуць унутраныя і вонкавыя палітычныя суб’екты.

Пра саюзнікаў і чыннік нацыяналізму

4. Нават тую ўмоўную перамогу ў 2020 годзе Лукашэнка атрымаў, у значнай ступені, дзякуючы падтрымцы Расіі. І гэта прывяло да моцнай залежнасці лукашэнкаўскай Беларусі ад Масквы.

Азербайджан атрымаў сваю перамогу ў карабахскім канфлікце без удзелу Расіі. Таму мае магчымасць ігнараваць пазіцыю Масквы.

5. Баку змог знайсці моцнага саюзніка па-за межамі постсавецкай прасторы. Гэта Турцыя. Абапіраючыся на гэтага хаўрусніка Азербайджан можа супрацьстаяць ціску Расіі.

Беларусь таксама імкнецца знайсці саюзніка па-за межамі Саюзнай дзяржавы. Але атрымліваецца не вельмі. Захад цяпер не можа быць нейкім пунктам апоры, наадварот, з'яўляецца пагрозай для рэжыму Лукашэнкі.

Мінск імкнецца атрымаць падтрымку Кітая. Аднак у момант нейкага няхай сабе і малапрагназаванага канфлікту з Расіяй наўрад ці Пекін прыйдзе на дапамогу. І рэч тут нават не ў геаграфіі. Галоўнае пытанне ў тым, навошта гэта Кітаю. Наўрад ці Пекін гатовы псаваць адносіны з Масквой, каб падтрымаць Лукашэнку.

6. Аліеў мае магчымасць абаперціся на азербайджанскі нацыяналізм — моцную палітычную зброю пры вонкавым супрацьстаянні. Доўгі час ён падсілкоўваўся канфліктам з Арменіяй. Перамога ў вайне за Карабах узняла гэты нацыяналізм на новую ступень. Цяпер Аліеў выкарыстоўвае яго супраць Расіі. Баку ідзе на абмежаванне ўплыву на краіну ідэалогіі «рускага свету». Зачынена прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў азербайджанскай сталіцы.

Лукашэнка, наадварот, вядзе няспынную барацьбу з любымі праявамі беларускага этнакультурнага нацыяналізму, насцеж адчыніў дзьверы для ідэалогіі «рускага свету». Спробы рэжыму распаліць нацыяналістычныя жарсці ў антыпольскім кірунку не мелі асаблівага посьпеху. А вось у выпадку нейкага канфлікту з Расіяй улады ня маюць ідэалагічнага апірышча, каб супрацьстаяць «рускаму свету».

Чытайце таксама:

Аліеў параіў Украіне не згаджацца на акупацыю. Z-каналы заклікаюць рыхтавацца да вайны з Азербайджанам

Зяленскі падтрымаў Азербайджан у канфлікце з Расіяй

У Азербайджане паказалі, як выглядаюць затрыманыя расіяне. Яны моцна збітыя ФОТЫ

У Екацярынбургу паказальна жорстка затрымалі кіраўніка мясцовай азербайджанскай дыяспары ВІДЭА

Чаму зноў сапсаваліся адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам. З'яўляюцца дэталі справы

Каментары да артыкула