БЕЛ Ł РУС

Працоўныя мігранты з Пакістана будуць падпісваць абавязальніцтва не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі

23.07.2025 / 9:6

Nashaniva.com

Пакістанцы, якія накіроўваюцца на працу ў Беларусь, будуць падпісваць абавязальніцтва аб тым, што выканаюць працоўны кантракт і не будуць удзельнічаць у нелегальнай міграцыі. Пра гэта гаворыцца ў стандартнай аперацыйнай працэдуры, распрацаванай Бюро па эміграцыі і замежнай занятасці Пакістана. Дакумент апублікаваны на сайце бюро, заўважыў Reform.news.

Фота: Bureau of Emigration & Overseas Employment

Як адзначае бюро, Беларусь адчувае востры недахоп кваліфікаванай і паўкваліфікаванай рабочай сілы і прапанавала працаўладкаваць да 150 тысяч пакістанцаў.

Стандартная аперацыйная працэдура была распрацавана для «бяспечнай і празрыстай» міграцыі.

Згодна з дакументам, дазвол на набор супрацоўнікаў будзе выдавацца ліцэнзаваным агенцтвам па працаўладкаванні за мяжой пасля праверкі з боку пасольства Пакістана ў Беларусі.

Агенцтва павінна будзе падаць шэраг абавязковых дакументаў, у тым ліку пасведчанне аб рэгістрацыі наймальніка, пацвярджэнне наяўнасці вакансій, доказы фінансавай плацежаздольнасці, праект працоўных дамоваў.

Памер камісіі не павінен перавышаць двухмесячны заробак работніка.

Распрацаваны спецыяльныя меры для перашкоды нелегальнай міграцыі ў Еўрасаюз.

Тыя, хто накіроўваецца ў Беларусь, павінны будуць падпісаць афідэвіт (пісьмовая заява), у якім абавязваюцца выканаць працоўны кантракт і не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі.

Адзін з членаў іх сям’і павінен будзе падпісаць абавязальніцтва аб выкананні гэтых умоў.

Парушальнікаў будуць уносіць у чорны спіс для замежнага працаўладкавання.

Пасольства Пакістана ў Беларусі будзе абавязана падаваць штоквартальныя справаздачы аб статусе работнікаў і выпадках уцёкаў.

Перад адпраўкай у Беларусь работнікаў праінфармуюць аб наступствах нелегальнай міграцыі.

Нагадаем, делегацыя МУС Беларусі на чале з начальнікам Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксеем Бегуном абмяркоўвала ў Пакістане пытанні працоўнай міграцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула