БЕЛ Ł РУС

Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў

25.07.2025 / 6:0

Nashaniva.com

Па словах навукоўцаў, працяглая ізаляцыя, трывожнасць, няпэўнасць, страта працы або даходаў аказаліся настолькі моцнымі, што выклікалі змены, падобныя да натуральнага старэння мозгу.

Фота: Vecteezy

Як піша Daily Mail, даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Нотынгемскага ўніверсітэта, паказала, што падчас пандэміі ў людзей назіралася паскоранае старэнне мозгу — у сярэднім на 5,5 месяца хутчэй, чым звычайна. Прычым у некаторых выпадках гэты паказчык дасягаў дадатковых 20 месяцаў старэння. І самае дзіўнае: гэта закранала нават тых, хто не хварэў на COVID-19.

«Найбольш мяне здзівіла тое, што нават у людзей, якія не хварэлі на COVID-19, назіралася значнае павелічэнне тэмпаў старэння мозгу. Гэта сведчыць пра тое, наколькі глыбока на нас паўплываў сам вопыт пандэміі — ізаляцыя, нявызначанасць, стрэс», — адзначыў кіраўнік даследавання доктар Алі-Рэза Махамадзі-Нежад.

Каб прыйсці да такіх высноў, даследчыкі спачатку стварылі мадэль нармальнага старэння мозгу, выкарыстоўваючы даныя больш як 15 000 здаровых людзей. Затым яны прааналізавалі сканы мозга іншых 996 асоб.

Палова з іх прайшла МРТ-абследаванне яшчэ да пачатку пандэміі, а палова як да, так і пасля пандэміі. І менавіта ў тых, хто быў абследаваны двойчы — да і пасля пандэміі — выявіліся найбольш яўныя прыкметы паскоранага старэння.

Як адзначаюць аўтары даследавання, пандэмія аказала найбольш істотны ўплыў на людзей, якія і без таго мелі складанасці: беднасць, праблемы са здароўем, нізкі ўзровень адукацыі або беспрацоўе. У мужчын негатыўны эфект быў выяўлены мацней, чым у жанчын.

Акрамя МРТ-сканаванняў, даследчыкі ацэньвалі таксама разумовыя здольнасці ўдзельнікаў з дапамогай спецыяльных тэстаў. У тых, хто перанёс COVID-19, гэтыя тэсты паказалі зніжэнне кагнітыўных функцый — найперш пагоршылася разумовая гнуткасць (здольнасць хутка пераключацца паміж задачамі) і хуткасць апрацоўкі інфармацыі.

Гэтае даследаванне — першае маштабнае пацвярджэнне таго, што глабальныя крызісы могуць выклікаць нейрабіялагічныя наступствы, падобныя да натуральнага старэння. І гэтыя наступствы найбольш балюча адчулі тыя, хто і без таго быў найбольш уразлівым.

Чытайце таксама:

Вы — працаголік і часта перапрацоўваеце? Навукоўцы высветлілі, як гэта змяняе мозг

З якога ўзросту пачынаюцца першыя збоі ў працы мозгу і як іх запаволіць? Вучоныя далі адказ

Беларускі фатограф два гады ляжыць пасля кавіду і цяпер зусім страціў сон

Каментары да артыкула